Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рамках праекту «Артэфакты. Музэй Вольнай Беларусі» выйшаў фільм пра моўных актывістаў Аліну Нагорную і Ігара Случака. ВІДЭА


Ігар Случак (справа) і апэратар Ягор Яфімаў падчас здымак над фільмам
Ігар Случак (справа) і апэратар Ягор Яфімаў падчас здымак над фільмам

27 красавіка адбылася прэм’ера першага фільму праекту «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» сэрыі кароткамэтражных дакумэнтальных фільмаў пра легендарных беларусаў і іх рэчы, якія сталі экспанатамі беларускага музэю ў Варшаве. Галоўныя героі карціны — моўныя праваабаронцы Аліна Нагорная і Ігар Случак.

Рэжысэр фільму — беларускі дакумэнталіст Максім Швед, апэратар — Ягор Яфімаў.

Максім Швед
Максім Швед

«Гісторыя гэтай пары на слыху — да кастрычніка 2023 году яны знаходзіліся ў Беларусі і займаліся праваабарончай дзейнасьцю. У гэтых партызанскіх умовах Аліна і Ігар ня толькі адстойвалі моўныя правы беларусаў, а і нарадзілі і выхоўвалі двух дзяцей. Даволі незвычайнае становішча для партызан, пагадзіся. Мне было цікава, што іх трымала ў Беларусі столькі часу, як яны жылі, як пачуваюць сябе цяпер», — распавёў Максім Швед у інтэрвію выданьню Reform.news, разам зь якім створаны праект.

У Музэі Вольнай Беларусі знаходзіцца кніга Аліны Нагорнай «Мова 404», якая апісвае гісторыі моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі.

Аліна Нагорная падчас здымак над фільмам
Аліна Нагорная падчас здымак над фільмам

Аўтарам ідэі цыклю «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» стаў Максім Швед. Таксама рэжысэрамі фільмаў у рамках праекту сталі Сяргей Кавалёў і Арцём Багаслаўскі.

Паводле Максіма Шведа, ідэя цыклю прыйшла да яго пасьля таго, як падчас выставы мастачкі Цемры ён першы раз прыйшоў у Музэй Вольнай Беларусі ў Варшаве і пазнаёміўся зь ягонай экспазыцыяй, убачыў экспанаты, дазнаўся гісторыі людзей.

Агулам у цыклі «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» пяць эпізодаў. Кубак Аляксандра Івуліна — адпраўная кропка другога эпізоду. У цэнтры трэцяга эпізоду — вядомы беларускі дыджэй Папы Бо і ягоны артэфакт — кантролер (пульт), у чацьвёртым — «Выжыванкі» Руфіны Базловай, у апошняй сэрыі — пра сукенку «БЧБ-нявесты» Іны Зайцавай.

Фільмы ў рамках праекту здымаліся ў Польшчы, Літве, Чэхіі, а таксама ў Беларусі.

Яны будуць выходзіць кожную суботу на YouTube-канале «Саша, что ты несешь?!»

Моўныя актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак выехалі зь Беларусі ў Вільню ўвосень 2023 году. Больш за два гады яны хаваліся ад сілавікоў, зьмянілі каля дзясятка кватэр і дамоў, не карысталіся банкаўскімі карткамі і мабільнікамі. Вялікае інтэрвію Радыё Свабода з Алінай Нагорнай і Ігарам Случаком:

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG