Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 красавіка: беларусаў завочна асудзілі за ўдзел у пратэстах; за рэпост у сацсетках вяскоўца адправілі ў калёнію


Суд Віцебскага раёну, дзе за рэпост асудзілі вяскоўца. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Суд Віцебскага раёну, дзе за рэпост асудзілі вяскоўца. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Сям’ю беларусаў асудзілі завочна асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 году

12 красавіка 2024 году вынесьлі прысуд у дачыненьні да 35-гадовага Яўгена Пруднікава і 31-гадовай Вольгі Пруднікавай — беларусаў, якіх завочна асудзілі паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Прысуд агучыла судзьдзя Вольга Царык, паведамляе «Вясна».

Паводле матэрыялаў справы, падчас аднаго зь мірных сходаў яны нібыта выходзілі на праезную частку, чым перашкаджалі руху транспарту і нанесьлі шкоду «Мінсктрансу» у памеры 7580 рублёў 22 капейкі.

Яўген і Вольга Пруднікавы знаходзяцца па-за межамі Беларусі і не прысутнічалі на судзе. Іх абвясьцілі ў вышук 21 сьнежня 2022 году. На судзе зачытвалі іх сьведчаньні, якія яны далі ў статусе сьведак па іншай справе ў жніўні 2022 году. Тады яны распавядалі пра свой удзел у Маршах пратэсту 16 і 30 жніўня 2020 году.

Доказамі па справе былі фатаздымкі з Фэйсбуку Вольгі Пруднікавай з маршаў, паказаньні сьведкаў, якія нібыта пацьвердзілі «факт наяўнасьці першапачатковай дамоўленасьці з абвінавачанамі на сумесны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» у цэнтры Менску. Суд таксама зрабіў высновы пра «наўмысны характар дзеяньняў» праз тое, што на фатаздымку ёсьць нацыянальны сьцяг, а прысутныя дэманструюць «пратэставыя жэсты» і інш. Таксама ў якасьці доказаў выкарыстоўвалі зьвесткі сотавых злучэньняў.

Яўгена і Вольгу асудзілі завочна да двух гадоў калёніі агульнага рэжыму кожнага.

Вядома, што іх маёмасьць вызвалілі ад арышту, бо маёмасных спагнаньняў ім ня выставілі: шкода «Мінсктрансу» была цалкам кампэнсаваная іншымі ўдзельнікамі мірных сходаў.

Вяскоўца з-пад Віцебска асудзілі на год калёніі за рэпост фота Лукашэнкі ў «Одноклассниках»

У судзе Віцебскага раёна 28 сакавіка асудзілі Сяргея Мельнікава паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Міхаіл Зубеня прызначыў Сяргею адзін год і адзін месяц пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён 19 чэрвеня 2023 году зрабіў рэпост публікацыі ў «Одноклассниках», у якой знаходзіўся фатаздымак Лукашэнкі і тэкст, які суд палічыў абразьлівым. Сяргей цалкам прызнаў віну. У якасьці сьведкі дапрасілі жонку Мельнікава, якая пацьвердзіла, што мужчына карыстаецца названай сацсеткай.

Сяргею прызначылі дзяржаўнага адваката, за працу якога з мужчыны спагналі 44 рублі.

Мабільны тэлефон, зь якога Мельнікаў рэпоснуў публікацыю пра Лукашэнку, канфіскавалі ў даход дзяржавы як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».

Сяргей Мельнікаў мае сярэднюю адукацыю, пражывае ў вёсцы Віцебскага раёна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG