Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 красавіка: затрымалі беларуса за камэнтары пра памерлага міліцыянта, які камандаваў разгонам пратэстаў у Пінску


Міліцыя. Ілюстрацыйнае фота
Міліцыя. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Сілавікі затрымалі менчука, якога паранілі падчас пратэстаў 2020 году

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым менчуком, якога паранілі падчас пратэстаў у жніўні 2020 году, паведаміла «Медиазона». Аўтары каналу прымацавалі фатаздымак, дзе затрыманы стаіць на кантэйнэры для сьмецьця на праезнай частцы на праспэкце Машэрава.

На камэру сілавікоў мужчына кажа, што ў жніўні 2020 году ён выйшаў на пратэсты, атрымаў раненьне, страціў прытомнасьць, і яго павезла хуткая.

Паводле якога артыкула затрымалі мужчыну і дзе ён цяпер, невядома.

Сілавікі затрымалі гамельчука за «цынічныя камэнтары» пра памерлага берасьцейскага міліцыянта

Сілавікі затрымалі мужчыну за «цынічныя камэнтары» на адрас памерлага начальніка Ленінскага РАУС Берасьця Дзьмітрыя Каравякоўскага і распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у сацсетках.

Таксама пры затрыманьні ў беларуса знайшлі чатыры адзінкі зброі.

Інфармацыя пра сьмерць начальніка Ленінскага РАУС Берасьця Дзьмітрыя Каравякоўскага зьявілася 13 красавіка.

У жніўні 2020 году Каравякоўскі кіраваў здушэньнем пратэстаў у Пінску, дзе быў начальнікам ГАУС. У 2021 годзе стаў начальнікам Ленінскага РАУС у Берасьці.

Былога інспэктара мытні з прычыны праблемаў са здароўем судзяць на «Валадарцы»

З канца лютага ў СІЗА-1 судзяць былога мытніка Яўгена Гурыновіча, паведамляюць праваабаронцы. Яго супольную справу з былымі калегамі Ўладзімерам Журомскім і Віктарам Новікам пачалі разглядаць яшчэ летась у кастрычніку ў Менгарсудзе. Мужчын абвінавачвалі адразу паводле 11 крымінальных артыкулаў, у тым ліку за «здраду дзяржаве».

У канцы лютага ў электронным раскладзе зьявіліся зьвесткі пра тое, што справа Гурыновіча выдзеленая ў асобнае вядзеньне і слухацца будзе ў СІЗА-1.

Нядаўна праваабаронцам удалося даведацца, што такая мера зьвязаная зь ягоным станам здароўя. Паводле інфармацыі «Вясны», у Яўгена сур’ёзныя праблемы са здароўем, а менавіта міжпазваночная кіла, празь якую ён ня можа доўга сядзець і стаяць. У сувязі з гэтым ягоную справу вылучылі ў асобнае вядзеньне і разглядалі па месцы ўтрыманьня зьняволенага.

Па справе Гурыновіча на «Валадарцы» прайшлі больш за дзесяць працэсаў. Апошні працэс па справе быў 15 сакавіка.

Былога палітвязьня Рамуальда Ўлана зноў судзілі за «распаўсюд экстрэмізму»

Пра судовы працэс, які адбыўся сёньня над Рамуальдам Уланам у судзе Смаргонскага раёну, паведаміў тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Вынік разгляду справы невядомы.

Былы заснавальнік і выдавец «Новой газеты Сморгони» ў студзені 2021 году быў асуджаны на 2,5 года «хіміі». Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя зьвесткі, якія ганьбяць гонар і годнасьць міліцыянтаў.

У траўні 2023 году стала вядома, што Рамуальда Ўлана вызвалілі паводле амністыі.

Пасьля выхаду на волю Ўлана двойчы затрымлівалі — агулам яму прызначылі 10 дзён адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG