Пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю журналіст рэгіянальнага выданьня «Вечерний Бобруйск» Дзяніс Носаў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Журналіста прыватнага бабруйскага выданьня Дзяніса Носава затрымалі 8 красавіка. У праўладным тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў, пазьней зьявілася «пакаяльнае» відэа зь ім: журналіста прымусілі сказаць на камэру, што з 2020 году ён адпраўляў знаёмым у Telegram «экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама што пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне падпісаўся на «экстрэмісцкія каналы», каб быць у курсе падзеяў. На відэа Дзяніс Носаў таксама казаў, што за свае дзеяньні «будзе адпраўлены ў ІЧУ».
15 красавіка стала вядома, што суд Бабруйскага раёну і г. Бабруйска прызначыў яму 15 дзён адміністрацыйнага арышту, прызнаўшы вінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (паводле арт. 19.11 КаАП РБ). Журналіст выйшаў на волю пасьля адбыцьця пакараньня.
У калег Дзяніса Носава тым часам ёсьць перасьцярогі, што ягоны тэлеграм-акаўнт і сацсеткі пад кантролем сілавікоў, адзначае БАЖ.
Дзяніса Носава затрымлівалі і арыштоўвалі на «суткі» ў 2020 і 2022 гадах.
- Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 35 журналістаў і прадстаўнікоў незалежных мэдыя, паводле БАЖ.
- Практычна ўсе незалежныя мэдыя і мэдыяарганізацыі ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: «Белсат», БелаПАН, «Еўрарадыё», TUT.BY, Kyky.org, «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Хартыя’97», «Флагшток», Hrodna.life, Volkovysk.by, «Маланка Медыя», «Бобруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, «МОСТ», «Люстэрка», «Ранак», Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, «Tribuna.com Беларусь», Ex-press.livе, 6TV Bielarus, «Магілёў. Media», «Навіны Магілёўскага рэгіёну», «Беларускае Радыё Рацыя», «Штодзень».
- Паводле БАЖ, ня менш за тры сотні супрацоўнікаў беларускай мэдыйнай сфэры пасьля падзей 2020 году выехалі за мяжу, і большасьць працягвае працу ў СМІ ці іншых мэдыйных праектах. Умовы працы журналістаў ускладніліся.
- Экспэрты ў мэдыясфэры і галоўныя рэдактары незалежных беларускіх мэдыя выказваюць асьцярогі, што праз адсутнасьць сродкаў да траціны беларускіх мэдыяпраектаў могуць закрыцца ці трансфармавацца ў іншыя, менш затратныя формы. І прагназуюць, што 2024 год будзе самым складаным у фінансавым пляне для беларускіх незалежных СМІ.
Форум