47-гадовы начальнік Ленінскага РАУС Берасьця Дзьмітры Каравякоўскі «раптоўна памёр», паведаміла афіцыйнае выданьне Міністэрства ўнутраных спраў «На страже».
Раней крыніцы «Белсату» паведамлялі, што Каравякоўскага пахавалі 15 красавіка, разьвітаньне зь ім прайшло ў Палацы культуры прафсаюзаў Берасьця.
Начальнікам РАУС Ленінскага раёну Берасця Каравякоўскага прызначылі ў жніўні 2021 году. У 2020 годзе Каравякоўскі служыў начальнікам пінскай міліцыі і асабіста кіраваў разгонамі падчас пратэстаў.
Пасьля па так званай «пінскай справе» дзясяткі чалавек асудзілі на тэрміны ад 3,5 да 6,5 гадоў зьняволеньня і вялізныя штрафы. У матэрыялах крымінальнай справы ня раз фігуруе прозьвішча Каравякоўскага, ён даваў паказаньні супраць пінчукоў, якія выступілі супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі.
Паводле сваякоў абвінавачаных, у адным зь відэафайлаў, які пракуроры прадставілі ў ходзе судовага пасяджэньня па «пінскай справе», было відаць, што сутыкненьні паміж грамадзянамі і сілавікамі пачаліся пасьля каманды Каравякоўскага «Да бою» і ягонага закліку на выцясьненьне. У момант сутыкненьняў Каравякоўскі прамаўляў таксама: «Усім здацца» і «Атачаем і затрымліваем усіх», а крыху пазьней у мэгафон ён даў распараджэньне: «Адкрыць агонь!».
Усе гэтыя каманды 10 жніўня чулі і пратэстоўцы. Паводле прадстаўнікоў абароны абвінавачаных, людзі ўспрымалі іх літаральна. Думалі, што да іх прыменяць сілу, таму і пачалі абараняцца. Адвакаты падсудных таксама сьцьвярджалі, што падзеі маглі б разьвівацца інакш, калі б начальнік міліцыі агучваў каманды ў завуаляванай форме, якую маглі б зразумець выключна сілавікі.
Сам Каравякоўскі ў судзе заяўляў, што ніякіх загадаў асабіста не аддаваў, а пацярпелыя сілавікі сьцьвярджалі, што не чынілі гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў.