Аляксандар Лукашэнка падпісаў «Закон у пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці», якім, сярод іншага, пашыраны пералік грамадзян, якія павінны плаціць абавязковыя страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, паведамляе Мінпрацы.
З 1 кастрычніка пэнсійныя адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) стануць абавязковымі для рамесьнікаў, уладальнікаў аграсядзібаў, а таксама самазанятых.
Як удакладняюць у Мінпрацы, гэтыя катэгорыі грамадзян будуць рабіць унёскі ў ФСАН паводле такой жа схемы, як і індывідуальныя прадпрымальнікі:
- выплата ўнёскаў — па 1 сакавіка году, наступнага за справаздачным годам,
- сума ўнёскаў — 29% ад самастойна ўстаноўленага даходу, але не ніжэй, чым ад мінімальнага заробку,
- унёскі трэба рабіць толькі за месяцы, у якія чалавек працуе.
Памер мінімальнага заробку ў Беларусі цяпер складае 626 рублёў — то бок штомесячны ўнёсак будзе не ніжэйшы, чым 181,54 рубля ў месяц. За год — сама меней 2178,48 рубля.
- 22 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, які абмяжоўвае прадпрымальніцкую дзейнасьць. Сярод іншага, ён прадугледжвае «дзьве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю: юрыдычныя і фізычныя асобы». Віды дзейнасьці, якія змогуць ажыцьцяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць вызначаныя ўрадам да 1 ліпеня. Па відах дзейнасьці, якія ня трапяць у пералік, з 1 кастрычніка спыняецца рэгістрацыя новых індывідуальных прадпрымальнікаў.
- Паводле падлікаў Міністэрства эканомікі, пасьля перагляду відаў дзейнасьці колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў можа скараціцца амаль удвая — з 263 тысяч да 143,5 тысячы, колькасьць найманых работнікаў у іх — з 64,6 тысячы да 47,1 тысячы.