Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адных натхняе, другіх раздражняе, трэціх палохае. Пра Пазьняка як настаўніка і enfant terrible


Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

У сучаснай Беларусі няма другога такога палітыка, як Зянон Пазьняк, які ачольваў Беларускі Народны Фронт і незалежніцкі рух у лёсавызначальны час канца 1980-х і пачатку 1990-х гадоў. Сёньня ён адзначае сваё 80-годзьдзе.

Роля Пазьняка была і застаецца роляй нонканфарміста, ледакола, у нечым enfant terrible, нават у ягоным паважным узросьце. І гэтай роляй ён аднолькава раздражняе й палохае і прыхільнікаў Лукашэнкі, і расейскіх шавіністаў, і літоўскіх нацыяналістаў, і леварадыкалаў, і расейскамоўных масквацэнтрычных дэмакратаў, і шмат каго яшчэ.

І справа нават ня ў тым, наколькі мае ці ня мае Пазьняк рацыю ў той ці іншай канкрэтнай спрэчцы. Ён не анёл і ня рыцар на белым кані (і не абавязаны ім быць).

Нашмат важнейшы той нязвыклы й некамфортны для большасьці беларусаў вобраз моцы й перавагі, які ён увасабляе, і тая ягоная нязвыклая беларусацэнтрычная танальнасьць, тая здаровая эгаістычная беларуская пазыцыя, якую ён заўсёды абараняе.

Абуджаны беларускі народ, які здольны дзёрзка адказаць на абразы і прыніжэньні, замест таго каб трываць іх; які здольны падняцца ва ўвесь рост і перастаць падлашчвацца да чарговага пана-начальніка-грантадаўцы — тое, чаго больш за ўсё баяцца ўсе ворагі Беларусі.

Дабро павінна быць з кулакамі. Павінна быць дзёрзкім, рэзкім, палымяным, павінна магчы падвысіць голас, мець гэтую пазьнякоўскую гіпнатычную энэргію перакананьня.

Беларусам трэба ўсяму гэтаму вучыцца. І Пазьняк — галоўны настаўнік беларусам у гэтым у апошнія дзесяцігодзьдзі. Пазьняк — чалавек, які з часоў перабудовы ўвасабляе гэтае беларускае абуджэньне і дае яму імпульс.

Беларусы, чый мэнталітэт зьнявечаны стагодзьдзямі гвалту і прыгнёту, адштурхоўваюць яго, супраціўляюцца, ня хочуць сілы, адказнасьці і нават увагі да сябе; многія ненавідзяць, праклінаюць Пазьняка, спрабуюць сьмяяцца зь яго, але вымушаныя павольна і міжволі рухацца туды, куды менавіта Пазьняк і ягоныя паплечнікі іх штурхаюць.

Ці ёсьць Пазьняк увасабленьнем, прывідам ідэі беларускай нацыяналістычнай дыктатуры, аўтарытарным антыподам Лукашэнку, якім яго заўсёды малявалі нядобразычліўцы? Ня цешце самі сабе. Якая нацыяналістычная дыктатура ў Беларусі на мяжы XX і XXI стагодзьдзяў, калі беларусам (і я не пра тыя ўмоўныя сто тысяч, якія спрабавалі гэта рабіць, або мільён ці нават два-тры мільёны, якія хацелі б гэта рабіць, а пра астатнія 7-8 мільёнаў абыякавых) не хапіла нацыянальнай годнасьці, здаровага нацыянальнага эгаізму нават на тое, каб абараніць ад Лукашэнкі нацыянальную мову і сьцяг у 1995 годзе?

Пазьняку — дэмакрату, інтэлектуалу і патрыёту — не наканавана было зрабіцца прэзыдэнтам Беларусі, якой ён служыць усё сваё жыцьцё. Але, магчыма, гэта больш гаворыць не пра Пазьняка, а пра сталасьць і сьвядомасьць беларускага народу, да крытыкі якога Пазьняк ніколі не апускаецца (але я апушчуся).

Аскетычны, строгі і шчыры Пазьняк — ня той тып палітыка, якому патрэбна ўсеагульная безумоўная любоў, але той палітык і публічны дзеяч, з кім любы іншы палітык будзе вымушаны сябе параўноўваць («тут я горшы за яго, а тут лепшы»).

Зянон Пазьняк меў вялікую гістарычную місію, у пэўным сэнсе выканаў яе і працягвае выконваць, даўно ня будучы ані афіцыйнай асобай, ані лідэрам прыкметнай палітычнай арганізацыі. Цяперашнія палітыкі яшчэ маюць гэта зрабіць, але ім пашанцавала мець перад вачыма вобраз, досьвед Пазьняка, ягоную крытыку, па якіх і на якіх яны могуць вучыцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG