Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без параду, але з салютам. Як зьмяняюцца выдаткі ўладаў на сьвяткаваньне 9 Траўня


Аляксандар Лукашэнка на парадзе ў Менску, Беларусь. 9 траўня 2020 году
Аляксандар Лукашэнка на парадзе ў Менску, Беларусь. 9 траўня 2020 году

Канцэрт на асноўнай пляцоўцы ў Менску будзе каштаваць сама меней 230 тысяч рублёў. Падчас падачы тэндэраў ён патаньнеў у 1,5 раза.

Стала вядома, колькі сёлета будзе каштаваць асноўнае сьвяткаваньне 9 Траўня ў Менску. Згодна з сайтам дзяржаўных закупак, канцэрт каля Палаца спорту на сьвята абыдзецца ў 230 тысяч рублёў.

Прычым асноўнае сьвяткаваньне ў працэдуры падачы тэндэраў патаньнела: сьпярша ўлады зьбіраліся патраціць 350 тысяч рублёў, але той аўкцыён не адбыўся, і зьмясьцілі новую заяўку зь меншай цаной.

Салют жа, наадварот, падаражэў. Першапачаткова ўлады хацелі яго правесьці за 225 тысяч рублёў. Такая сума ў першапачатковай заяўцы.

Парад у Менску, Беларусь. 9 траўня 2020 году
Парад у Менску, Беларусь. 9 траўня 2020 году

У выніку на аўкцыёне выбралі кампанію «Імпэрыя агню» і падпісалі зь ёю дамову на 300 тысяч рублёў. Значыць, салют падаражэў на 75 тысяч.

Ён будзе праводзіцца ў шасьці пунктах Менску:

  • У парку імя Янкі Купалы
  • На пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі
  • У парку імя Уга Чавэса
  • Каля «Чыжоўка-Арэны»
  • У парку імя Міхаіла Паўлава
  • На ўзьбярэжжы вадасховішча Дразды

На салют і канцэрт на асноўнай пляцоўцы ў сталіцы на 9 Траўня плянуюць патраціць 530 тысяч рублёў. І гэта ня ўсе выдаткі. Яшчэ 5570 рублёў пойдзе на «абсьледаваньне сцэнічных канструкцый» і 2880 рублёў будуць каштаваць паслугі арэнды шатроў да сьвята.

Такім чынам, як мінімум на сьвяткаваньне пойдзе 538 тысяч рублёў. І гэта толькі тая сума, якая відаць з адкрытых тэндэраў, а могуць быць і іншыя выдаткі. Ёсьць таксама тэндэры, якія не адбыліся, але грошы пад іх выдзелілі.

На колькі за год падаражэла сьвяткаваньне 9 Траўня

Летась «матэрыяльна-тэхнічнае» забесьпячэньне сьвяткаваньня 9 Траўня каштавала 154 тысячы рублёў.

Фаервэрк у чырвона-зялёных колерах абышоўся ў 220 тысяч рублёў. Значыць, за год ён падаражэў на 80 000. Агулам жа асноўнае сьвяткаваньне за год вырасла ў цане на 156 тысяч рублёў (калі браць разам салют і канцэрт). Гэта амаль у 1,5 раза.

Што і за колькі сёлета будзе ў іншых гарадах

Фаервэрк на 9 Траўня сёлета будзе таксама ў Горадні ў сквэры каля Палаца культуры тэкстыльнікаў. Каштаваць ён будзе 13 тысяч рублёў. Гэта на 6 тысяч рублёў таньней, чым летась.

Таксама салют будзе каля мэмарыялу «Берасьцейская крэпасьць-герой». Абыдзецца ў 30 тысяч рублёў, на 5 тысяч больш, чым летась.

Будуць праводзіць салюты і ў драбнейшых гарадах. У Пружанах на гэта выдаткавалі 16 тысяч рублёў — больш, чым у Горадні.

Акрамя салютаў, пройдуць іншыя падзеі. Напрыклад, у Магілёве на сьвята арганізуюць паказальныя палёты на лёгкаматорных самалётах тыпу ЯК-52 ці падобных. Залучаць 3 самалёты. Каштаваць дзяржаўнаму бюджэту гэта будзе 6 тысяч рублёў.

Таксама ў Магілёве пройдзе мітынг і тэатралізаваны канцэрт да 9 Траўня «Голас Зямлі». Тэхнічнае забесьпячэньне будзе каштаваць 12 тысяч рублёў.

Парад у Менску, Беларусь. 9 траўня 2020 году
Парад у Менску, Беларусь. 9 траўня 2020 году

Што з парадам

Апошні раз вайсковы парад на 9 Траўня ў Менску праходзіў у 2020 годзе на фоне эпідэміі каранавірусу. Тады супраць параду выказаліся 7 тысяч чалавек, столькі грамадзян падпісаліся пад адпаведнай пэтыцыяй. У Расеі парад адмянілі і адмовіліся ўдзельнічаць у беларускім. Сусьветная арганізацыя здароўя таксама рэкамэндавала параду не праводзіць, але яго ўсё адно правялі раніцай 9 траўня. Гэта быў адзіны парад на постсавецкай прасторы ў траўні таго году.

У 2021 і 2022 гадах парад на 9 Траўня ўжо не праводзілі. У 2021-м улады спаслаліся на тое, што «гэтая дата ня круглая». На Дзень Рэспублікі 3 ліпеня парадаў таксама не праводзілі.

У 2023 годзе Лукашэнка падпісаў указ «Аб падрыхтоўцы і правядзеньні сьвяточных мерапрыемстваў». Згодна з гэтым дакумэнтам параду на 9 Траўня сёлета таксама ня будзе. Яго правядуць 3 ліпеня.

Вайсковы парад на 9 Траўня зьбіраюцца правесьці налета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG