Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар ЖКГ паведаміў, што ў Беларусі адрамантавана толькі 22% ямаў на дарогах


Яшчэ летась улады прызнавалі, што амаль палова дарог у краіне мае патрэбу ў капітальным рамонце. Сёлета кіраўнік Беларусі загадаў чыноўнікам адрамантаваць дарогі да 9 траўня.

Тым часам міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла ў эфіры тэлеканала СТБ прызнаў, што тэмп ліквідацыі ямаў на дарогах краіны «не зусім дастатковы», паведамляе «Позірк».

Паводле чыноўніка, у сталіцы краіны Менску тэмпы высокія, але агулам па краіне ямны рамонт зроблены толькі на 22% так званых прыдамавых тэрыторый.

Трубіла паведаміў, што ў рамках дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыльлё і спрыяльнае асяродзьдзе» неабходна зрабіць добраўпарадкаваньне, «у тым ліку ямны рамонт, асфальтаваньне дваровых праездаў амаль 1,6 тыс. дваровых тэрыторый па ўсёй краіне».

У 2023 годзе на «дарожныя» мэты было патрачана каля 1 мільярда рублёў. Сытуацыя ўскладнілася ў сувязі з санкцыямі, якія ўвялі супраць Беларусі пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. На цяперашні момант эўрапейскія і міжнародныя структуры не фінансуюць беларускіх дарог.

У лістападзе 2023 году прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка заяўляў, што праграма «Дарогі Беларусі» ў 2023–2024 годзе будзе «выканана і перавыканана»:

«Будзе выканана і перавыканана дзякуючы рашэньням прэзыдэнта, якія ён прыняў, аб павелічэньні фінансаваньня на будаўніцтва дарог. У 2023 годзе мы павялічылі суму з 900 мільёнаў да 1 мільярда 400 мільёнаў рублёў. Зробім 3 тысячы кілямэтраў дарог — як мясцовых, так і рэспубліканскіх», — абяцаў Галоўчанка.

Але станам на вясну 2024 году высьветлілася, што грамадзяне Беларусі на сэрвісе 115 склалі 40 тысяч скаргаў на дарогі летась і 4,5 тысячы скаргаў сёлета.

Віцэ-прэмʼер Анатоль Сівак раней падлічыў плошчу ямаў на дарогах Беларусі — іх 21 тысяча квадратных мэтраў. Найбольш выбоін у Магілёўскай вобласьці, найменш — у Горадзенскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG