46-гадовы Ўладзімір Нікіцін зьяжджаў у Польшчу, але ўрэшце вярнуўся.
Мянчук у 2000-м скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсітэт па спэцыяльнасьці «Кіраваньне продажамі», даведалася «Наша ніва». А ў 2009-м годзе Ўладзімер паступіў у Расейскую акадэмію народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзыдэнце Расеі на магістратуру ў галіне фінансаў, якую скончыў у траўні 2011-га.
Кар’еру фінансавага аналітыка мужчына пачаў у кампаніі VDS у 2004-м. Уладзімер таксама вёў трэнінгі і адукацыйныя курсы па кіраваньні фінансамі для кампаніяў. Апошняе вядомае месца працы мужчыны — фінансавы кантралёр у Belkanton Group, буйной кампаніі-пастаўшчыку канцылярскіх тавараў, якая, сярод іншага, валодае сеткай крамаў «Афістон» і часопісам Office Life.
Мяркуючы па ягоным Linkedin, не пазьней за ліпень 2023-га Ўладзімер звольніўся і пераехаў жыць у Польшчу. Але выглядае, што затым вырашыў вярнуцца на радзіму, дзе яго і затрымалі.
Дата затрыманьня мужчыны невядомая. Суд над фінансістам пачнецца 29 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе. За «заклікі да санкцыяў» мужчыну пагражае да 12 гадоў калёніі. Сутнасьць абвінавачаньня, аднак, пакуль невядомая. Вядома толькі, што справа тычыцца «заклікаў да санкцыяў».