Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адна жанчына ня вытрымала і вярнулася». Як беларусам за мяжой пайсьці на пэнсію


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія пэнсіянэры, якія ўцяклі ад перасьледу за мяжу, сутыкаюцца ў эміграцыі з істотнымі праблемамі. Адна зь іх зьвязана з пэнсіяй.

У Беларусі права на працоўную пэнсію маюць мужчыны, якія дасягнулі 63 гадоў і 25 гадоў працоўнага стажу. Жанчынам для гэтага неабходны 58-гадовы ўзрост і 20-гадовы стаж. Абавязкова трэба мець таксама страхавы стаж. У 2024 годзе ён складае 19 гадоў і 6 месяцаў.

Мінімальная пэнсія ў Беларусі на сёньня складае 101,69 рубля. Да яе даплата — 333,63 рубля. Агулам мінімальна атрымліваецца сума памерам 435,31 рубля. Сярэдняя пэнсія па ўзросьце ў Беларусі летась складала 703,34 рубля.

Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва тлумачыць, што з шэрагам краін Беларусь мае двухбаковыя «пэнсійныя» пагадненьні. Гэта Расея, Літва, Польшча, Латвія, Азэрбайджан, Чэхія, Эстонія і Малдова. У частцы пэнсійнага забесьпячэньня закладзены прынцып «прапарцыянальнасьці», згодна якому дзяржава прызначае і выплачвае пэнсію ці яе частку за стаж працы на яе тэрыторыі. У выпадку перасяленьня пэнсіянэра з тэрыторыі адной дзяржавы на тэрыторыю іншай пэнсію працягвае выплачваць дзяржава, якая яе прызначыла. То бок адбываецца экспарт пэнсіі.

Як гэта працуе на практыцы, мы спыталіся ў эмігрантаў і юрыстаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Польшчы пэнсія пасьля 20 гадоў стажу

Беларуска Ларыса (імёны герояў зьмененыя дзеля іх бясьпекі. — РС) пераехала ў Польшчу пасьля падзей 2020 году ў якіх прымала актыўны ўдзел. У Варшаве яна рэгулярна ходзіць на акцыі салідарнасьці зь бел-чырвона-белым сьцягам, не хавае твару. Ларыса атрымала міжнародную абарону.

«Гэта значыць, мне і так, і так шлях у Беларусь закрыты», — прызнаецца яна.

Працоўную пэнсію Ларыса аформіла яшчэ на радзіме, атрымлівае яе на картку. Але беларуская пэнсія невялікая нават для Беларусі.

«Яе тут не хапае, бо трэба ж і арэнду кватэры аплаціць, і камунальныя. На беларускую пэнсію хіба схадзіць на рынак, купіць памідораў, агуркоў. Што рабіць? Працуем, выжываем», — дзеліцца пэнсіянэрка.

На польскую пэнсію Ларыса не спадзяецца. Кажа, што атрымаць яе не рэальна. Бо для атрыманьня польскай пэнсіі трэба адпрацаваць на тэрыторыі Польшчы ня менш за 20 гадоў.

«За некалькі гадоў працы тут атрымаеш пэнсію 5 ці 13 злотых на месяц», — кажа Ларыса (1-2,5 эўра. — РС).

Суразмоўца дадае, што тэарэтычна можна зьвярнуцца ў беларускія сацыяльныя органы, але на практыцы гэта не прыносіць выніку.

«Знаёмы зьвярнуўся ў польскую адміністрацыю, тыя накіравалі запыт у Беларусь. Восем месяцаў няма адказу. Ды я разумею, што ніхто ў Беларусі ў Фондзе сацыяльнай абароны ня сядзе і ня будзе пералічваць працоўны стаж там у днях — у гадзіны, як тое ў Польшчы», — кажа беларуска.

Ларыса гаворыць, што раней тыя, хто меў права на беларускую пэнсію, афармлялі за мяжой даверанасьць на людзей, якія стала жывуць у Беларусі. Тыя атрымлівалі грошы на свой рахунак і потым перадавалі іх за мяжу. Ці пакідалі сабе, калі гэта блізкія людзі. Ларыса дадала, што ўладкавацца ў Польшчы на працу, калі табе 60, вельмі складана.

«Іншы бок мэдаля, што ў людзей часам і няма здароўя на цяжкую фізычную працу. Нашая знаёмая так гаравала тут, проста амаль галадала. Яна ня вытрымала і вярнулася нядаўна ў Беларусь, хоць ёй і пагражае перасьлед. У такія гады эміграцыя даецца вельмі цяжка і маральна, і фізычна», — кажа Ларыса.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Кожны раз на пачатку месяца малюся»

Хоць Беларусь і мае абавязак выплачваць пэнсіі грамадзянам, якія маюць на яе права, эмігранты часта асьцерагаюцца, што пэнсію ў іх могуць забраць.

«Бо на што добрае ў нас доўга будуць прымаць рашэньне, разварушвацца. На што благое — імгненна. Забраць кватэры, грамадзянства, пэнсіі», — кажа пэнсіянэрка Марыя.

Яна цяпер таксама жыве ў Польшчы. Беларускую пэнсію атрымліваюць па даверанасьці яе сваякі, мяняюць на валюту і перадаюць ёй.

«Гэта пакуль я маю там даверанасьць. Скончыцца яна, дык ня ведаю, што я буду рабіць. Я сорак гадоў працоўнага стажу маю ў Беларусі. Але кожны раз на пачатку месяца малюся, хоць бы пэнсія прыйшла», — прызнаецца Марыя.

Суразмоўца дадае, што ехаць у Беларусь ня можа, хоць там засталася яе маёмасьць. У Польшчы Марыя таксама працуе, бо на беларускую пэнсію пражыць там немагчыма.

Яшчэ адна беларуская пэнсіянэрка, Марына, цяпер жыве ў Нямеччыне. Там пэнсійны ўзрост для жанчын надыходзіць у 65 гадоў. Да гэтага часу трэба працаваць.

«Аднак пэнсію я ўжо нармальную ня выпрацую ніяк, у мяне не хапае стажу. Гэта будзе, як я даведалася, для мяне як уцякачкі нешта кшталту сацыяльнай дапамогі памерам каля 500 эўра. І сацыяльныя службы будуць даплачваць за жытло», — расказвае яна.

Беларуска Аксана жыве пасьля падзей 2020 году ў Літве. Яна на пэнсіі па ўзросьце, пэнсія беларуская. У Літве Марыя мае часовы дазвол на жыхарства. Для таго, каб атрымаць пэнсію, яна пісала заяву ў мясцовы Фонд сацыяльнага страхаваньня (Sodra). Пэнсію пералічылі ў эўра, у выніку выйшла каля 180.

«Гэтага вельмі мала для жыцьця ў Літве, бо тут мы мусім за свае грошы здымаць жытло, ды і камунальныя вышэйшыя, чым у Беларусі. Але туды я вярнуцца не магу ніяк. Таму вымушана падпрацоўваць, легальна ці нелегальна», — прызнаецца Аксана.

Беларуская пэнсія ў Літве

Юрысты плятформы юрыдычнай дапамогі legalhub.help тлумачаць, што атрымліваць на тэрыторыі іншай дзяржавы пэнсію, «заробленую» ў Беларусі, грамадзянін можа ў тым выпадку, калі з адпаведнай замежнай дзяржавай маецца міжнародная дамова.

Што тычыцца Літвы, то тут, па словах юрыстаў, «сытуацыя дае надзею». Паміж Беларусьсю і Літвой у 1999 годзе была заключаная дамова аб сацыяльным забесьпячэньні. У адпаведнасьці зь ёй кожная краіна выплачвае пэнсію за стаж працы на яе тэрыторыі. Пры гэтым стаж мусіць быць ня меншым за год.

Гэта значыць, што ў выпадку пераезду ў Літву пэнсіянэр зь Беларусі, як і раней, можа атрымліваць беларускую пэнсію. Для гэтага яму спатрэбіцца легалізавацца (мець дазвол на часовае ці сталае пражываньне). Затым зьвярнуцца па аднаўленьне пэнсіі ў літоўскі дзяржаўны фонд сацыяльнага страхаваньня. Выплату беларускай пэнсіі працягне беларускі Фонд сацыяльнай абароны празь віленскае аддзяленьне Sodra.

«Савецкі» працоўны стаж, атрыманы да 1 студзеня 1992 году, будзе прымацца пад увагу пры прызначэньні пэнсіі ў той дзяржаве, на тэрыторыі якой грамадзянін будзе стала пражываць на момант звароту па пэнсію.


У Польшчы — 20 гадоў абавязковай «адпрацоўкі»

У Польшчы пэнсійны ўзрост наступае для жанчын у 60 гадоў, мужчын — у 65. Юрысты плятформы legalhub.help кажуць, што ў выпадку, калі пэнсія, якая выплачваецца з Фонду сацыяльнага страхаваньня (Fundusz Ubezpieczeń Społecznych), ніжэйшая за мінімальную, то яна падвышаецца да яе ўзроўню. Але пры ўмове, што заяўнік дакажа, што 20 гадоў выплачваў унёскі ў Польшчы.

Асоба, якая не выконвае ўмоваў для налічэньня мінімальнай пэнсіі, мае права на грашовую гарантыйную дапамогу даплаты да мінімальнай пэнсіі ў выпадку выкананьня ўмоў. Сярод іх пражываньне ў Польшчы (з дазволам на жыхарства), сума польскіх дапамог і замежных пэнсій ніжэйшая, чым сума мінімальнай польскай пэнсіі, наяўнасьць неабходных пэрыядаў страхаваньня. У дадатак трэба ня мець прыбытку, які перавышае памер даплаты да мінімальнай пэнсіі.

ZUS (сацыяльны фонд у Польшчы. — РС) павінен атрымаць пацьверджаньне беларускіх пэрыядаў страхаваньня ў Фондзе сацыяльнай абароны Беларусі і актуальную суму пэнсіі, якая выплачваецца беларускім бокам.

І тут пэнсіянэраў чакае пастка, папярэджваюць спэцыялісты. Бо ў Польшчы рабочы час лічыцца ў гадзінах, а ў Беларусі — у днях. У момант узаемадзеяньня паміж інстытуцыямі ўзьнікаюць праблемы.

«Беларусь не адказвае ў той форме, якая патрэбна Польшчы. На сёньня гэта праблема для беларусаў», — дадалі юрысты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG