Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ заклікала перадаць замарожаныя расейскія актывы Ўкраіне


Сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Архіўнае фота
Сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Архіўнае фота

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, якая заклікае перадаць замарожаныя расейскія актывы ў спэцыяльны фонд, адкуль у далейшым яны будуць накіраваныя на аднаўленьне Ўкраіны. За гэтае рашэньне аднагалосна прагаласавалі ўсе 134 дэлегаты, якія прысутнічалі на пасяджэньні.

Тэкст рэзалюцыі і дэталі таго, як будзе выконвацца прынятае рашэньне, ПАРЭ абяцала абнародаваць пазьней.

У сакавіку Эўрапейская камісія, выканаўчы орган ЭЗ, прапанавала выкарыстоўваць 90% даходаў ад замарожаных актываў Расеі для аказаньня вайсковай дапамогі Ўкраіне. Падобная мера дазволіць выдзяляць Украіне штогод каля 3 мільярдаў эўра.

Гэтая прапанова абмяркоўвалася на апошнім саміце ЭЗ у сакавіку. Аднак канчатковага рашэньня тады не прынялі.

Расея ахарактарызавала плян ЭЗ як «бандытызм і крадзеж».

Пытаньне выкарыстаньня замарожаных расейскіх актываў для дапамогі Ўкраіне будзе абмяркоўвацца на сустрэчы краін «Групы сямі» ў сераду, 17 красавіка. Пра гэта паведаміла кіраўніца Мінфіну ЗША Джанэт Елен.
Украіна мае патрэбу ў пастаяннай падтрымцы, і менавіта гэта павінна паслужыць стымулам выкарыстоўваць замарожаныя расейскія актывы, падкрэсьліла Елен.

Паводле яе, разглядаюцца некалькі варыянтаў: ад поўнай канфіскацыі, якую падтрымліваюць ЗША, да выкарыстаньня ў якасьці закладу па крэдытах або аблігацыях, выпушчаных для аказаньня дапамогі Ўкраіне.

Раней брытанскі міністар замежных спраў Дэвід Кэмеран заявіў, што Лёндан гатовы перадаць Кіеву ўсе замарожаныя актывы расейскага Цэнтрабанку ў выглядзе пазыкі з улікам таго, што пасьля заканчэньня вайны Расеі давядзецца выплачваць рэпарацыі.

Як расказаў Reuters высокапастаўлены супрацоўнік Мінфіна ЗША, ніводны з варыянтаў ня выключаны з разгляду, але адзначыў, што ва Ўкраіны ня будзе магчымасьці выкарыстоўваць усю суму адразу, нават калі ўсе замарожаныя актывы канфіскуюць.

  • Краіны «Вялікай сямёркі» ўжо больш за год вядуць дыскусіі наконт таго, ці можна канфіскаваць замарожаныя актывы расейскага Цэнтрабанку, не падрываючы пры гэтым даверу да міжнароднай фінансавай сыстэмы.
  • У заходніх краінах замарожана каля 300 мільярдаў даляраў рэзэрваў Цэнтральнага банку Расеі. За 2023 год міжнародны дэпазытарый Euroclear зарабіў 4,4 млрд эўра, інвэстуючы расейскія актывы, замарожаныя па рашэньні Эўразьвязу.
  • Масква ня можа скарыстацца ні актывамі, ні заробленымі адсоткамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG