Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы прапануе дазволіць беларускім грамадзянам, якія маюць пасьведчаньне на права жыхарства ў Літве, вяртацца ў Беларусь толькі ў «выключных выпадках», піша LRT.
Днямі ў літоўскім Сейме зарэгістравалі папраўку, якая прапануе ануляваць дазвол на часовае пражываньне беларусам і расейцам, якія прыяжджаюць на радзіму часьцей чым раз на месяц.
У сваю чаргу ў новай ініцыятыве Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы прапануе дазволіць грамадзянам Беларусі прыяжджаць на радзіму толькі ў выключных выпадках.
На сёньня невядома, якія канкрэтна прычыны вяртаньня ў Беларусь будуць лічыцца «выключымі». Калі беларусы ня будуць выконваць абмежаваньні, Дэпартамэнт Літвы прапануе ануляваць іх від на жыхарства.
Некаторыя літоўскія палітыкі ставяцца да гэтага скептычна: адны кажуць, што трэба рабіць выключэньні, іншыя лічаць, што калі беларусы ўяўляюць пагрозу, то іх увогуле не павінна быць у Літве, піша LRT.
З сакавіка два з шасьці памежных пераходаў зь Беларусьсю застаюцца адкрытымі. Аднак, паводле слоў палітыкаў, гэта не прывяло да зьмяншэньня колькасьці візытаў у краіну. Цяпер у Літве жыве 60 тысяч беларусаў. Некаторыя зь іх вяртаюцца на радзіму да 7 разоў за год.
- Па дадзеных Дэпартамэнта дзяржаўнай бясьпекі Літвы, большасьць беларусаў, якія прыбываюць — эканамічныя мігранты. А тыя, хто часта вяртаецца дадому, зьяўляюцца галоўнай мішэньню для беларускіх спэцслужбаў, таму нават некалькі паездак за год уяўляюць небясьпеку.
- Прапанова абмежаваньняў для беларусаў пакуль не атрымала шырокай падтрымкі ў Сейме ні сярод партнэраў па кааліцыі, ні сярод апазыцыі.
- У офісе лідэркі беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай, заявілі, што прапанова Дэпартамэнта бясьпекі — неапраўданае пакараньне для простых беларусаў, якія езьдзяць на радзіму наведаць сяброў і сваякоў.