Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За свабоду», некалькі мэдыя і крама Symbal.by: улады пачалі забіраць дамэны ў «экстрэмісцкіх» рэсурсаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Лукашэнку пастанавіў ануляваць запісы аб рэгістрацыі дамэнных імёнаў шэрагу беларускіх мэдыя, у тым ліку reform.by, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў zbsunion.by, руху «За свабоду» (рух.by) і крамы нацыянальнай сымболікі Symbal.by.

«У сувязі з уключэньнем у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі — інтэрнэт-сайта, у якасьці ідэнтыфікатара якога ўказана дамэннае імя reform.by, адміністратарам нацыянальнай дамэннай зоны прынята рашэньне ануляваць у цэнтралізаванай базе зьвестак аб дамэнных імёнах, зарэгістраваных у нацыянальнай дамэннай зоне, у тым ліку пра іх уладальнікаў, запіс аб рэгістрацыі дамэннага імя reform.by», — гаворыцца ў лісьце ад 15 красавіка за подпісам намесьніка кіраўніка ААЦ Сяргея Жарнасека, які атрымала рэдакцыя сайту Reformation.

Аналягічныя лісты атрымалі рух «За свабоду», рэгіянальнае незалежнае СМІ «Медыя-Палессе» і крама нацыянальнай сымболікі Symbal.by.

Таксама былі ануляваная рэгістрацыя дамэных імёнаў выданьняў newlife.by, mediazona.by intex-press.by і Задзіночаньня беларускіх студэнтаў zbsunion.by.

Уладальнікі крамы Symbal.by назвалі рашэньне ААЦ «грубым парушэньнем свабоды слова і права на ўласнасьць», рэдакцыя сайту Reformation — «цэнзурай і бессаромным маніпуляваньнем ААЦ як нацыянальнага адміністратара дамэннай зоны міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі», а галоўная рэдактарка «Медыя-Палесся» Сьвятлана Гарда заявіла БАЖ, што рашэньне ААЦ ня стала для мэдыя нечаканасьцю і што яно працягне працу.

Сайт «Медыя-Палессе» пераехаў на дамэн Media-Polesye.com, крама Symbal.by — на symbalby.com, мэдыя Reformation — на reform.news.

«Ну што ж, пазьней будуць выплачваць за гэта кампэнсацыю. Таксама гэта добры кейс, каб ужо зараз распачаць працэс пазбаўленьня правоў адносна дамэннай зоны .by тых рэгістратараў, якія прадстаўляюць рэжым», — адзначыў уладальнік дамэну рух.by, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

  • Некалькі дзён таму ААЦ зьмяніў інструкцыю аб рэгістрацыі дамэнных імёнаў. Згодна зь ёю цяпер дамэнныя імёны інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у рэспубліканскі пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў», змогуць ануляваць. Гаворка пра ідэнтыфікатары, зарэгістраваныя ў нацыянальнай дамэннай зоне.
  • Ануляваць дамэнныя імёны будуць пасьля рашэньня адміністратара нацыянальнай дамэннай зоны. Пасьля ануляваньня запісу аб рэгістрацыі дамэннага імя яго ня будуць адміністраваць, яно будзе недаступнае для рэгістрацыі і будзе знаходзіцца ў асобным пераліку.
  • Уключыць дамэн у адмысловы пералік змогуць і ў «мэтах нацыянальнай бясьпекі». Напрыклад, каб перадухіліць выкарыстаньне сукупнасьці літар, лічбаў, сымбаляў і словаў, якія не адпавядаюць агульнапрынятым маральна-этычным нормам, распальваюць сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную і расавую варожасьць ці прапагандуюць гвалт або жорсткасьць.
  • Выкарыстаньне дамэнных імёнаў, якія знаходзяцца ў адмысловым пераліку, дапускаецца толькі «ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі».
  • Акрамя таго, ААЦ легалізаваў магчымасьць забраць дамэн, калі ўладальнік асабіста не пацьвердзіць свае зьвесткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG