Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла вядомая аўтарка амэрыканскіх коміксаў Трына Робінс. Яе сям’я паходзіла зь Беларусі


Трына Робінс
Трына Робінс

Жанчына адышла з жыцьця 10 красавіка ў Сан-Францыска на 86-м годзе.

Трына нарадзілася ў Брукліне ў 1938 годзе. Яна была малодшай дачкой, старэйшую звалі Гэрыет. Бацька Макс працаваў краўцом, маці Бэсі — настаўніцай другіх клясаў.

Пра сьмерць Трыны Робінс паведаміла New York Times.

Трына вядомая тым, што стала адной зь першых і найбольш выбітных жанчын у Амэрыцы, якія працавалі ў гэтай галіне, захопленай у асноўным мужчынамі. У 1985 годзе яна намалявала для DC сэрыю коміксаў з культавым пэрсанажам — Цуда-жанчынай (Wonder Woman), пасьля таго як чатыры дзесяцігодзьдзі гэта рабілі толькі мужчыны.

У 1970 годзе разам з іншай калегай яна выпусьціла першую ў ЗША кніжку коміксаў «It Ain’t Me, Babe», цалкам намаляваную выключна жанчынамі.

Коміксы, у стварэньні якіх брала ўдзел Трына Робінс
Коміксы, у стварэньні якіх брала ўдзел Трына Робінс

Да таго, як цалкам стаць мастачкай і рэдактаркай часопісаў з коміксамі, Трына сур’ёзна займалася дызайнам і продажам адзеньня, у яе быў буцік на Мангэтэне.

Яна сябравала з Джымам Морысанам і апранала фольк– і рок-музыкаў, сярод якіх былі Донаван, Кас Эліят, Дэвід Кросьбі.

Трына Робінс
Трына Робінс

У сваёй аўтабіяграфіі «Апошняя, хто застаўся» мастачка піша, што не любіла сваё дзявочае прозьвішча Пэрлсан, бо яно несапраўднае, атрыманае пры прыбыцьці ў ЗША. У мястэчку Дубой на Століншчыне яе сям’я насіла прозьвішча Перачуднік, што азначае нешта кшталту «маленькі цясьляр», пісала Трына.

Нэкралёгі, прысьвечаныя Трыне Робінс, апублікавалі многія амэрыканскія выданьні, у тым ліку New York Times, Washington Post і Forbes.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG