Міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што паўплывае на свайго кітайскага калегу, каб той у сваю чаргу паўплываў на Расею і прымусіў яе спыніць «гібрыдную апэрацыю» на беларуска-польскай мяжы, піша Bloomberg. Гэтая апэрацыя прывяла да закрыцьця ключавога гандлёвага шляху Пэкіну ў Эўропу.
Сікорскі сустракаецца з кіраўніком кітайскага МЗС Ван І 15 верасьня, празь некалькі дзён пасьля таго, як Польшча закрыла мяжу зь Беларусьсю. Адной з прычынаў сталі супольныя з Расеяй вайсковыя манэўры «Запад-2025». Праз гэтую мяжу праходзіць важны маршрут кітайскіх чыгуначных паставак у Эўропу.
«Гэта вельмі важная тэма, і калі ён яе не падыме, гэта зраблю я, — заявіў Сікорскі ў інтэрвію радыёстанцыі TOK FM перад перамовамі з Ван І, заўважыла „Люстэрка“. — Для поўнага адкрыцьця мяжы неабходны мір з абодвух бакоў».
Сікорскі заявіў, што Польшча выдаткавала паўмільярда эўра на будаўніцтва плоту ўздоўж сваёй 400-кілямэтровай мяжы зь Беларусьсю пасьля рэзкага росту колькасьці незаконных перасячэньняў мяжы за апошнія чатыры гады. Напружанасьць абвастрылася ў траўні 2024 году, калі мігрант забіў польскага салдата Матэвуша Сітэка.
Летась Варшава прыгразіла перакрыць экспартны маршрут у Эўрапейскі Зьвяз, выкарыстоўваючы дыпляматыю, каб заручыцца падтрымкай Кітаю, піша Bloomberg. Тагачасны прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падняў пытаньне аб памежнай напружанасьці ў час візыту ў Пэкін, што, з словаў Сікорскага, «дапамагло на некалькі месяцаў».
«Але, на жаль, гэтая гібрыдная апэрацыя зноў актывізавалася, — заявіў міністар замежных справаў Польшчы. — Таму нам трэба зноў пагаварыць».
9 верасьня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск абвясьціў аб суцэльным закрыцьці мяжы зь Беларусьсю апоўначы з 11 на 12 верасьня. Ён растлумачыў гэты крок «ростам колькасьці правакацыяў з боку Расеі і Беларусі» і іхнымі вайсковымі вучэньнямі «Запад-2025».
Мяжа закрытая на нявызначаны тэрмін. Міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі, які падпісаў пастанову аб закрыцьці, падкрэсьліў, што польскі бок ня мае намеру «трымаць мяжу закрытай нават адзін дзень без патрэбы».
Форум