Арганізатары прэміі — былы дырэктар менскага паба «Графіці» Аляксей Ажогін і радыёвядучая Марына Савіцкая.
У журы прэміі ўвайшлі: прадусар Павал Юрцэвіч, галоўны рэдактар «Эўрарадыё» Павал Сьвярдлоў, журналіст Вячаслаў Радзівонаў, арганізатарка беларускіх канцэртаў у эміграцыі Інэс Сянкевіч, музычны журналіст і стваральнік YouTube-канала «Міністэрства сепультуры» і тэлеграм-канала «Беларуская музыка» Аляксандар Чарнуха, прадусар і сузаснавальнік клюба «Scena Chmielna» Віталь Броўка і арганізатары прэміі Аляксей Ажогін і Марына Савіцкая.
Было вызначана 11 намінацый за дасягненьні ў 2023 годзе.
- «Песьня года» — «Emigrant Song» барда Leibonik.
- «Альбом года» — альбом «Там» барда Leibonik.
- «Дабрачыннасьць года» — анлайн-маратон салідарнасьці «Нам ня ўсё адно», на завяршэньні якога выступілі беларускія музыкі.
- «Клюб года» — пляцоўка «Scena Chmielna»
- «Падзея года» — фэст «Варушняк».
- «Арганізатар года» — «Wild Beat Sound». Інэс Сянкевіч на ўручэньні прэміі паведаміла, што «Wild Beat Sound» было праведзена каля 50 канцэртаў у 2023 годзе, а самай гучнай падзеяй, да арганізацыі якой спрычынілася, яна назвала фэстываль «Грай».
- «Адкрыцьцё года» — «Kurwadziki» зь Беластока.
- «Пераадкрыцьцё года» — Сяргей Пукст. У гэтай намінацыі вызначалі калектывы ці музыкаў, якія ў эміграцыі паказалі сябе з нечаканага боку і прывабілі новую аўдыторыю.
- «Сымпатыя народа» — «Naviband».
- «Выканаўца года» — галасы журы падзяліліся паміж Аляксандрам Памідоравым і Кетэван. У гэтай намінацыі вылучаліся самы яскравы артыст ці артыстка на польскай сцэне.
- «Гурт года» — «Дай дарогу!». У гэтай намінацыі абіралі самы яскравы беларускі калектыў, які праявіў сябе на польскай сцэне.