Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Настойліва зьвяртайцеся, няхай выкручваюцца». Што рабіць, калі адвакаты адмаўляюцца абараняць «палітычнага»


Суд у справе палітвязьня Сьцяпана Латыпава. Ілюстрацыйнае фота
Суд у справе палітвязьня Сьцяпана Латыпава. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля пазбаўленьня ліцэнзій, затрыманьняў, перасьледу многія адвакаты баяцца брацца за «палітычныя» справы. Што рабіць людзям, як забясьпечыць сваё права на абарону?

За апошнія 4 гады колькасьць адвакатаў у Беларусі зьменшылася на чвэрць. На 1 ліпеня 2020 году ў Беларусі працавалі 2072 адвакаты, цяпер крыху больш за 1600. У некаторых раёнах не засталося ніводнага адваката, напрыклад у Дуброўне, Шаркаўшчыне, Слаўгарадзе, Нароўлі, Узьдзе, сьцьвярджаюць юрысты ініцыятывы «Права на абарону».

Аднак права на юрыдычную дапамогу, абарону мае кожны чалавек. І лепш і ў крымінальных, і ў адміністрацыйных справах мець хоць якога адваката, чым заставацца зусім без абаронцы, сьцьвярджаюць і кліенты, і юрысты.

«Адвакаты ведаюць «уваходы-выхады»

Грамадзкага актывіста Сяргея Мельянца сілавікі затрымалі 19 сакавіка ў будынку Менскага гарадзкога суду. Загадалі разблякаваць тэлефон, знайшлі ў Instagram карцінкі са словамі «пахне чабор». У выніку асудзілі за «арганізацыю масавага мерапрыемства» на 13-дзённы арышт.

Сваякі знайшлі адваката, але Сяргей пра гэта ня ведаў. Першы допыт сьледчага КДБ праходзіў без абаронцы. Пасьля 13 дзён арышту на першым паверсе ЦІП Мельянца зноў сустрэлі сілавікі. Дзьве гадзіны вазілі па горадзе, потым заявілі, што ён лаяўся. Суд даў Мельянцу яшчэ 12 сутак.

«Паміж першым і другім тэрмінамі я быў у падвешаным стане: супрацоўнік ГУБАЗіКу мяне паклаў тварам уніз у бусіку, мяне недзе вазілі, а сваякі чакалі мяне каля ЦІПу цэлы дзень. А потым я падвіс у „малпоўні“ ІЧУ. Адвакат урэшце мяне знайшоў. Адвакаты ведаюць „уваходы-выхады“, дзе шукаць затрыманага, калі сваякі ў шоку: куды бегчы, дзе шукаць чалавека... Адвакат у любым выпадку патрэбен, ён робіць сваю працу, ён рыхтуецца, выкладае свае аргумэнты ў судзе.

Вельмі важны і чалавечы фактар — адвакат знаходзіцца побач з падсудным, дае парады, дапамагае, падтрымлівае», — перакананы Сяргей Мельянец.

Да таго ж абаронца зьяўляецца сувязным зьвяном са сваякамі затрыманага, кажа Сяргей.

Сяргей Мельянец зь сям’ёй пасьля ўцёкаў зь Беларусі
Сяргей Мельянец зь сям’ёй пасьля ўцёкаў зь Беларусі

Ён таксама расказаў, што сілавікі ціснулі на жонку Сьвятлану. А потым сям’я знайшла адваката, які праінфармаваў яе, як паводзіць сябе падчас допыту. І калі Сьвятлану выклікалі ў Фрунзэнскае РУУС, жанчына ўжо была падрыхтаваная. Ёй вельмі дапамог кантакт з адвакатам — той яе настроіў, як трымацца, што падпісваць, а што не, кажа Мельянец.

«Зь любым адвакатам спакайней»

Сваякі людзей, затрыманых паводле так званых «палітычных» артыкулах, скардзяцца, што абаронцу зараз амаль немагчыма знайсьці. Тацяна, сына якой затрымалі ў канцы 2023 году за ўдзел у акцыях 2020-га, расказала, што вымушаная была пагадзіцца на так званага «дзяжурнага» адваката. Ніхто ня браўся за справу сына.

«Два адвакаты, якіх мне рэкамэндавалі, адмовілі. Адзін адкрыта сказаў, што ён больш не бярэцца за палітычныя справы, бо баіцца перасьледу. Другая адвакатка спаслалася на занятасьць і параіла зьвярнуцца ў любую юрыдычную кансультацыю — маўляў, яны абавязаныя прызначыць кагосьці.

У адной калегіі, куды мы зьвярнуліся, сыну прызначылі так званага „дзяжурнага адваката“. Ён зусім малады, другі год працуе. Але мне здалося, вельмі стараецца. Некалькі разоў сустракаўся з сынам у СІЗА. Неўзабаве адбудзецца суд, паглядзім... Мне зь любым адвакатам спакайней, я хоць ведаю, як сын трымаецца», — расказала Тацяна.

Дзяжурныя абаронцы

Былая адвакатка Алена (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) пагаджаецца, што яе калегі спрэс адмаўляюцца брацца за палітычныя справы. Але раіць дамагацца, каб адваката прызначылі.

«Усе адвакаты праходзяць праз абавязковыя дзяжурствы, і сярод дзяжурных адвакатаў можа трапіць дасьведчаны, кампэтэнтны. Асабіста для мяне, калі я працавала адвакаткай, не было розьніцы, вяду я справу паводле дамовы альбо я прызначаная паводле артыкулу 46 КПК. Я юрыдычную дапамогу аказвала аднолькава», — кажа былая адвакатка Алена.

Яна тлумачыць, што калі сваякі ня могуць знайсьці адваката альбо калі чалавек застаецца зусім без абаронцы, то паводле артыкулу 46 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу адваката абавязаны прызначыць. Але былая абаронца дае параду: да яго варта ўсё ж прыгледзецца.

«Трэба паслухаць, як ён раіць кліенту сябе паводзіць. Калі адвакат выслухае пазыцыю чалавека і, зыходзячы зь ягонай пазыцыі, выбірае лінію абароны, падказвае, як рэагаваць на пытаньні, гэта нармальна. А калі адвакат прапануе толькі прызнаваць віну і пагаджацца з усімі абвінавачаньнямі, то я ня раіла б з такім адвакатам мець справу. Ад яго наўрад ці кліент атрымае падтрымку ў складаны момант.

І калі адвакат гарантуе 100% вынік (асабліва ў палітычнай справе), я б таксама ня раіла давяраць», — кажа Алена.

Рэкамэндацыі

Былы адвакат Міхаіл Кірылюк, які таксама ў Беларусі абараняў «палітычных», раіць усё ж спрабаваць шукаць адваката.

«Адзіны надзейны шлях — рэкамэндацыі. Хаця і па рэкамэндацыі вы можаце трапіць на „латэнтнага ябацьку“. Вы і ведаць ня будзеце, пакуль гэта не праявіцца празь дзеяньні. Калі не атрымліваецца знайсьці адваката па рэкамэндацыях, трэба пагаджацца на дзяжурнага і сачыць за ягонымі дзеяньнямі. Калі вам здасца, што яны ажыцьцяўляюцца не ў інтарэсах кліента, вы можаце адмовіцца і памяняць яго. На маю думку, лепей зь любым адвакатам, чым безь яго», — перакананы Міхаіл Кірылюк.

Міхаіл Кірылюк
Міхаіл Кірылюк

Юрыст выкладае свае аргумэнты «за» любога адваката: празь яго адбываецца сувязь затрыманага са сваякамі. Калі, напрыклад, лекі патрэбныя. Адвакат таксама можа паспрачацца аб умовах утрыманьня.

Абаронца, які прымае справу, пагаджаецца не на адно наведваньне кліента ў СІЗА, а на ўсе сьледчыя дзеяньні, судовы працэс, на вядзеньне ўсёй справы, тлумачыць Міхаіл Кірылюк.

«Калі вам спадабаўся дзяжурны адвакат, паспрабуйце падпісаць зь ім дамову. У іх аплата зусім малая ў параўнаньні з тым, калі яны паводле дамовы працуюць. Калі вы будзеце плаціць, сэнс у гэтым ёсьць. Калі няма магчымасьці, будзе горш. Атрымаецца, як у вядомай прымаўцы аб працы савецкага часу: „Вы робіце выгляд, што нам плаціце, мы робім выгляд, што працуем“. Калі ёсьць магчымасьці, я б раіў усё ж такі іх матываваць», — раіць Міхаіл Кірылюк.

Юрыстка Алена таксама азначае, што адвакатаў паводле артыкулу 46 КПК прызначаюць толькі ў справах, якія знаходзяцца ў вядзеньні: на стадыі сьледзтва, суду. Калі зьняволены ўжо адбывае пакараньне, ён таксама мае права на абарону, але тады юрыдычную дапамогу адвакат яму можа аказаць толькі паводле дамовы.

«Гэта значыць, што згодна з артыкулам 46 адваката можна патрабаваць прызначыць толькі да асуджэньня. Наведваньне ўжо асуджанага ў калёніі ў ягоныя абавязкі не ўваходзіць. Нават напісаньне нагляднай скаргі ўжо не ўваходзіць. Для асуджанага трэба шукаць адваката і абавязкова заключаць зь ім дамову», — тлумачыць юрыстка.

«Няхай выкручваюцца»

Што рабіць сваякам палітзьняволеных, якія ўжо знаходзяцца за кратамі і ў якіх няма адвакатаў? Паводле інфармацыі Свабоды, у некаторых асуджаных з палітычных матываў зьмянілася ўжо па некалькі адвакатаў: адзін выехаў за мяжу, другога пазбавілі ліцэнзіі, трэці адмовіўся, больш ніхто не пагаджаецца заключыць дамову. Людзі часьцяком знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, бяз сувязі з вонкавым сьветам.

«Калі была б чароўная „таблетка“, мы б ужо пра яе ведалі», — кажа Міхаіл Кірылюк. — На жаль, тое, што вырабляе цяпер рэжым Лукашэнкі, гэта ўжо стаўленьне не як да зьняволеных, а як да ваеннапалонных. Рэжым інкамунікада ствараецца не выпадкова, гэта робіцца наўмысна», — перакананы ён.

Былая адвакатка Алена раіць сваякам зьвяртацца ў прэзыдыюмы калегій адвакатаў па месцы знаходжаньня калёній.

«Спачатку паспрабуйце зьвярнуцца ў прэзыдыюм абласной калегіі адвакатаў. Калі абласная калегія адмаўляе, у Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў: каб прапанавалі варыянты, з кім чалавек можа заключыць дамову. Маўляў, „я гатовы плаціць грошы, парайце, з кім я магу заключыць дамову, каб адвакат мог мне дапамагчы“. Настойліва зьвяртайцеся ў прэзыдыюм калегій адвакатаў. Няхай выкручваюцца», — кажа юрыстка Алена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG