Міністэрства адукацыі пастановай № 136 ад 1 жніўня ўнесла зьмены ў правілы бясьпекі адукацыйнага працэсу ў розных установах адукацыі. Дакумэнт 23 жніўня апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале і ўступае ў сілу з 1 верасьня.
Сярод іншага, у пастанове прапісаны парадак здачы на захоўваньне мабільных тэлефонаў і іншых прылад у школах. З 1 верасня ва ўстановах сярэдняй адукацыі забараняецца іх выкарыстанне.
Дакумэнт прадугледжвае, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з улікам зацьверджаных Міністэрствам правілаў бясьпекі распрацоўваюцца лякальныя прававыя акты, якія рэглямэнтуюць выкарыстаньне «прылад мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі)».
Прапускны рэжым у школах павінен прадугледжваць вызначэньне і абсталяваньне спэцыяльных месцаў для складаваньня тэлефонаў.
Кіраўнік установы адукацыі будзе вызначаць парадак «выкарыстаньня і захоўваньня прыладаў мабільнай сувязі
(інтэрнэт-сувязі) з улікам спэцыфікі і магчымасьці канкрэтнай установы агульнай сярэдняй адукацыі». Ён жа павінен прызначыць асоб, адказных за захоўваньне прылад мабільнай сувязі на працягу навучальнага дня і доступ да іх.
У правілах прапісана, што выкарыстаньне навучэнцамі прылад мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) у будынку ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, за выключэньнем навучэнцаў, якія маюць патрэбу ў такіх прыладах па стану здароўя (маніторынг цукру ў крыві пры цукровым дыябэце або іншае), не дапускаецца. Пры гэтым у асобных выпадках, напрыклад для апэратыўнай сувязі з законнымі прадстаўнікамі, блізкімі сваякамі выкарыстаньне тэлефонаў дапускаецца з дазволу дзяжурнага адміністратара або адказных за захоўваньне прылад асобаў.
Таксама правіламі забараняецца выкарыстаньне тэлефонаў пэдагогамі падчас адукацыйнага працэсу. Выключэньне складаюць выпадкі ўзьнікненьня пагрозы жыцьцю або здароўю вучняў, супрацоўнікаў.
У правілах вызначана, што пры ўваходзе ва ўстанову адукацыі навучэнцы павінны перавесьці тэлефон у бясшумны рэжым і пакінуць яго ў спэцыяльна адведзеным месцы для захоўваньня.
Варыянты месцаў захоўваньня у пастанове пералічваюцца наступныя:
- індывідуальныя ячэйкі для захоўваньня асабістых рэчаў навучэнцаў;
- ячэйкі (кейсы) для захоўваньня прыладаў мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) навучэнцаў адной клясы;
- гардэробныя памяшканьні (пры наяўнасьці асобных памяшканьняў для кожнай клясы);
- асобнае памяшканьне (шафа) для захоўваньня ячэек (кейсаў) з прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі), якое замыкаецца на ключ;
- і іншыя варыянты.
Вучні змогуць забіраць свае тэлефоны пасьля заканчэньня заняткаў.
Таксама пастанова № 136 Мінадукацыі зьмяняе ўмовы допуску ў школы законных прадстаўнікоў дзяцей, які раней быў бесьперашкодным. Цяпер законныя прадстаўнікі школьнікаў і наведвальнікі будуць дапускацца ва ўстанову адукацыі «пры прад’яўленьні дакумэнту, які сьведчыць асобу, рэгістрацыі дадзеных вартаўніком (працаўніком аховы) у журнале рэгістрацыі з указаньнем мэты наведваньня».
- У 2025/2026 навучальным годзе ў Беларусі адкрыецца сем новых устаноў адукацыі, паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі 15 жніўня ў Менску намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
- З 1 верасьня школа, паводле слоў Каржовай, будзе «тэрыторыяй без мабільных тэлефонаў», для гэтага «праведзеныя ўсе неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы».
- З 1 верасьня на заканадаўчым узроўні замацавана, што навучэнцы павінны быць у адзеньні дзелавога стылю, за выключэньнем заняткаў па фізычнай культуры і працы.
- У верасьні пачне працаваць больш за 2.600 устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, дзе будзе навучацца каля 1 млн 50 тыс. вучняў, у тым ліку 90 тыс. першаклясьнікаў, што на 20 тысяч менш, чым летась.
Форум