Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«550 рублёў за выпускны? Гэта хіба Гарвард?». Як выпускнікі сёлета будуць адзначаць заканчэньне школы


Беларускія выпускнікі, архіўнае фота
Беларускія выпускнікі, архіўнае фота

Сёлета выпускныя ў Беларусі пройдуць 14 чэрвеня. 11-ю клясу заканчваюць 58 тысяч школьнікаў. Расказваем, чаго ад выпускнога чакаюць школьнікі і бацькі.

Заканчэньне вучэбнага году сёлета мае некаторыя асаблівасьці. Напрыклад, да выпускных ужо будуць вядомыя вынікі цэнтралізаванага тэставаньня і ўручаныя сэртыфікаты. Паводле рэкамэндацый Міністэрства адукацыі, выпускныя вечары мусяць праводзяцца толькі ў будынках школы, у выключных выпадках — ва ўстановах дадатковай адукацыі ці культуры.

Сёлета 9-я клясы заканчваюць каля 107 тысяч вучняў, 11-я — каля 58 тысяч. Ад 2023 году Міністэрства ўвяло такую абавязковую норму для выпускнікоў, як «характарыстыка».

200 рублёў за стужкі і балёнікі

Беларуска Алена (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іх бясьпекі. — РС) сёлета мае выпускны ў сына. Яна расказвае, што гарачыя спрэчкі пра варыянты яго сьвяткаваньня пачаліся на бацькоўскіх сходах і ў чатах яшчэ зь верасьня 2023 году. «Актывісткі» бацькоўскага камітэту шчыравалі, называлі сумы ад тысячы рублёў да тысячы даляраў. Для пачатку трэба было здаваць па 50 рублёў кожны месяц. Потым яшчэ. Некаторыя маці даходзілі праз гэты выпускны літаральна да гістэрыі, расказвае жанчына.

Суразмоўца дадае, што не хацела б тамаду на выпускным. Па словах Алены, тыя бацькі, якія хацелі ўдзельнічаць толькі ва ўрачыстай частцы ў школе, без рэстарану, мусілі здаць каля 200 рублёў на стужкі, балёнікі, упрыгожваньне залі, кветкі і іншае.

«У бацькоўскім чаце былі сваркі, скандалы, таму што бацькі прапаноўвалі больш танныя варыянты, але актывісткі шалелі ад гэтых прапаноў. Дзеці гаварылі, што бацькі ў іх не пытаюць, чаго яны хочуць. А дзеці хацелі піцу, колу і недзе пагуляць», — дадала Алена.

Балёнікі на выпускным. Ілюстрацыйнае фота
Балёнікі на выпускным. Ілюстрацыйнае фота

Падарункі школе

Беларуска Марына расказала, што на выпускны для сына заплянавала суму ў сто даляраў (каля 325 беларускіх рублёў). Жанчына гаворыць, што ня будзе набываць сыну новы гарнітур, бо «ён ня хоча, папрасіў толькі новыя красоўкі». Выпускны сынава кляса будзе сьвяткаваць у школе, у кавярні заказалі паслугі кейтэрынгу (выязнога харчаваньня). Выдаткі пойдуць на ежу, упрыгожваньне залі ў школе, балёнікі на апошнюю лінейку, падарункі ўсім «прадметным» настаўнікам, кляснай кіраўніцы, кветкі, музыкальнае суправаджэньне (дыджэй). Апроч гэтай сумы, Марына яшчэ здавала 60 рублёў на выпускны альбом.

«Сьціпла, але нам больш нічога не трэба, у нас звычайная школа, без „пантоў“», — дадала яна.

Людміла на бацькоўскім сходзе пачула пра суму ў 550 рублёў за выпускны. Яе сын сёлета выпускаецца зь вясковай школы.

«Гэта што — Гарвард? Адкуль такія грошы? Сказалі: на падарунак кляснай кіраўніцы, на падарунак клясе, школе, усім настаўнікам. Мы з сынам вырашылі ісьці толькі на ўрачыстую частку, але бацькоўскі камітэт умудрыўся сарваць зь мяне ўсё ж грошы на падарунак кляснай», — падзялілася Людміла.

Яна кажа, што некаторыя дзеці не хацелі б ісьці на выпускны, «яны хацелі самі дзе-небудзь пагуляць, без дарослых», але бацькі іх прымушаюць.

«Мне добра, што мы з сынам дамовіліся, ён сам ня хоча „багаты“ выпускны», — дадала суразмоўца.

Забаўляць выпускнікоў маюць права толькі «правераныя» арганізацыі

Да 2023 году выпускнікоў маглі забаўляць на сьвяткаваньнях завяршэньня вучобы ўсе, хто прапаноўвае адпаведныя паслугі. Затым улады правялі «чысткі» сярод забаўляльных арганізацый. У выніку цяпер афіцыйна забаўляць дзяцей і дарослых могуць толькі 56 прыватных арганізацый на ўсю краіну.

Яны знаходзяцца ў адмысловым рэестры. Ёсьць яшчэ асобна сьпіс дзяржаўных устаноў культуры, іх 293. Гэта гарадзкія, раённыя, сельскія дамы культуры і бібліятэкі.

У інтэрнэце можна знайсьці прапановы ад арганізатараў выпускных баляў. Там падкрэсьліваецца, што яны «ўключаныя ў рэестры, працуем толькі з праверанымі падрадчыкамі Рэспублікі Беларусь».

Прыватнікі прапануюць выпускныя «пад ключ» — гэта ўключае ўпрыгожваньне залі ў школе, кейтэрынг, напоі, забаўляльныя шоў (бубначоў, мімаў) чырвоныя дарожкі, лімузіны, фатасэсіі і так далей.

Ёсьць прапановы правесьці выпускны на сьвежым паветры, за горадам. Прыватнікі прапануюць розныя «пакеты», якія каштуюць ад 60 да 150 рублёў на выпускніка. Напрыклад, «пакет „Чэмпіён“ уключае ў сябе „гульню ў кальмара“, лазэртаг, вяровачны парк, стрэльбы ў ціры. За гэта ўсё — 130 рублёў. „Пакет „Эрудыт“ уключае ў сябе пэйнтбол, квэст, вяровачны гарадок, перацягваньне каната, бой падушкамі». За «Эрудыт» прапануюць аддаць 80 рублёў з чалавека. Пасядзець пад павецьцю каштуе 30 рублёў, у альтанцы на сорак чалавек — 150 рублёў за альтанку. Асобныя цэны — за ежу, шашлыкі.

Парады ад Мінадукацыі

У рэкамэндацыях на 2023 год (на 2024-ы ў інтэрнэце пакуль няма. — РС) Міністэрства адукацыі прапісала, што кіраўнікі структурных аддзяленьняў гарадзкіх і раённых выканкамаў, аддзелаў адукацыі, кіраўнікі школ нясуць за выпускныя «пэрсанальную адказнасьць». На сьвяткаваньні мусяць быць прыцягнутыя міліцыянты — для забесьпячэньня парадку і грамадзкай бясьпекі.

На кіраўніках аддзелаў адукацыі і дырэктарах школ таксама ляжыць адказнасьць за «кантроль за зьместам сцэнароў мерапрыемстваў, іх ідэалягічнай і выхаваўчай накіраванасьці, выкананьне патрабаваньняў заканадаўства, недапушчэньні расьпіваньня сьпіртных напояў».

У рэкамэндацыях напісана, што настаўнікі мусяць суправаджаць выпускнікоў «падчас масавых гуляньняў у парках, на гарадзкіх вуліцах, сустрэчы сьвітанку і ў іншых выпадках».

Як праходзяць выпускныя ў Польшчы

У Польшчы выпускны вечар адбываецца за сто дзён да завяршэньня навучаньня ў школе. Ён праходзіць у канцы студзеня ці пачатку лютага і называецца «студнюўка» (studniówka). Беларус Алег сёлета ўдзельнічаў у «студнюўцы» ў польскім ліцэі. Па яго словах, ён выдаткаваў на сьвята 300 злотых (каля 250 беларускіх рублёў).

«Студнюўцы» папярэднічала падрыхтоўка — навучаньне палянэзу. Гэты танец абавязковы для сьвята, баль зь яго і пачынаецца. Таксама Алег купіў сабе гарнітур, кашулю і туфлі на сьвята. Гэта абышлося яму прыкладна ў 600 злотых (каля 500 беларускіх рублёў).

«300 злотых пайшло на арэнду памяшканьня, ежу, напоі (безалькагольныя, вядома), дыджэя. Ежа была польская, звычайная, фуагра не было. Абавязковы быў танец, яго мы загадзя вучылі. Мяне як беларуса зьдізвіла тое, што выпускны адбываецца за сто дзён да заканчэньня школы. У прынцыпе, „студнюўка“ мне спадабалася, новы досьвед, было весела», — дадаў Алег.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG