Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы ў Маскве: Пуціна турбуе бясьпека на заходняй мяжы Беларусі, Лукашэнка хоча паслаць у космас яшчэ аднаго беларуса


Масква, 11 красавіка 2024
Масква, 11 красавіка 2024

Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін на перамовах у Крамлі з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў аб пасьпяховым разьвіцьці адносін паміж Расеяй і Беларусьсю, перадае агенцтва БелТА.

«Нам ёсьць пра што пагаварыць. Я маю на ўвазе нашы эканамічныя адносіны. Яны разьвіваюцца, і разьвіваюцца пасьпяхова. Прадэманстравалі ў мінулым годзе добрыя тэмпы росту эканомікі, і цяпер усё на ўздыме», — сказаў Пуцін.

«Пагаворым і аб пытаньнях бясьпекі, і на заходніх межах Беларусі», — дадаў ён.

Лукашэнка, у сваю чаргу, заявіў, што без удзелу Расеі ў перамовах аб Украіне ніякага мірнага працэсу быць ня можа.

«Калі яны хочуць у Швайцарыі (яны ж гэта называюць „мірнай канфэрэнцыяй“) бяз нас гаварыць аб міры ва Ўкраіне, Бог зь імі. Наша пазыцыя заключаецца ў тым, што яны могуць там дамовіцца толькі, як узмацніць эскаляцыю гэтага канфлікту. Без Расеі які можа быць мірны там працэс? Ня можа быць мірнага працэсу», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Ён таксама дадаў, што падчас апошніх сустрэч ён і Пуцін заўсёды абмяркоўваюць сытуацыю ва Ўкраіне, у тым ліку магчымасьць мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. Таксама Лукашэнка сказаў, што дамаўляцца ня хоча ўкраінскі бок.

У частцы перамоваў, на якой прысутнічалі журналісты, Пуцін спытаўся ў Лукашэнкі, як справы на заходняй мяжы Беларусі. Лукашэнка адказаў, што там трывожна і што яго найбольш непакоіць палітыка польскага кіраўніцтва: «Навошта ім гэтая канфрантацыя?».

  • Апошнім часам у рыторыцы Аляксандра Лукашэнкі прысутнічаюць шматлікія абвінавачваньні Літвы, Польшчы і блёку NATO у агрэсіўнай палітыцы адносна Беларусі і нават аб падрыхтоўцы да вайны. Нядаўна кіраўнік Беларусі наведваў войскі каля заходняй мяжы.
  • 11–12 красавіка Лукашэнка наведвае Расею з працоўным візытам: 11 красавіка адбываюцца яго перамовы сам-насам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, 12 красавіка ён паўдзельнічае ў імпрэзах з нагоды Дня касманаўтыкі.
  • Гэта 19-я паездка Лукашэнкі ў Расею за апошнія два гады, а з 2000 году — 150-я.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG