Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на Дэльфійскім форуме: «Бясьпека — паняцьце адноснае, калі вы ў эміграцыі»


Сьвятлана Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская.

11–12 красавіка Сьвятлана Ціханоўская наведвае Грэцыю зь візытам.

Цягам свайго візыту беларуская палітык абмяркоўвае сытуацыю ў Беларусі, а таксама пытаньні бясьпекі рэгіёну ў Камітэце міжнародных справаў парлямэнту Грэцыі, разам зь Георгіясам Папандрэў (чальцом Мадрыдзкага клюбу, былым прэм’ер-міністрам Грэцыі) наведае Агору, якая лічыцца месцам нараджэньня дэмакратыі, і бярэ ўдзел у асноўнай праграме Дэльфійскага эканамічнага форуму — у «гутарцы ля каміна» (фармат неафіцыйнага звароту палітычнага лідэра) з Тэры Марцінам.

Акрамя таго, Сьвятлана Ціханоўская правядзе сустрэчы з прэзыдэнтам Грэцыі Катэрынай Сакелярапулю, мэрам Атэнаў Харысам Дукасам і былым пастаянным прадстаўніком ЗША ў NATO Іва Даалдэрам.

На Дэльфійскім эканамічным форуме Ціханоўская, сярод іншага, адказала на пытаньне, ці пачуваецца бясьпечна ў Літве, дзе цяпер жыве.

«Я заўсёды адчуваю сябе ў бясьпецы ў Літве, дзякуючы літоўскаму ўраду і людзям, якія аказалі велізарную падтрымку і салідарнасьць зь беларускім народам і нашай барацьбой за дэмакратыю і свабоду. Літоўскія ўлады пайшлі на значныя захады дзеля забесьпячэньня нашай бясьпекі. Аднак бясьпека — паняцьце адноснае, калі вы ў эміграцыі, а ваша краіна — пад рэжымам, які нястомна перасьледуе сваіх апанэнтаў нават за яе межамі. Я ведаю рызыкі для сябе і сваёй каманды. Але мой клопат пра тых, хто ўнутры Беларусі кожны раз сутыкаецца з тэрорам рэжыму».

Ціханоўская яшчэ раз падкрэсьліла, што яе каманда заўсёды просіць Захад даць Украіне ўсё неабходнае дзеля перамогі над расейскімі агрэсарамі, і наогул перамога ўкраінцаў вядзе да вызваленьня Беларусі. Яна таксама падзякавала беларускім дыяспарам за тое, што яны актыўна прыцягваюць увагу да кепскага становішча ў Беларусі і просяць грамадзкіх актывістаў і ўрады краін, у якіх жывуць, рэагаваць на падзеі, забясьпечваючы падтрымку.

Сустрэчы на Кіпры

10 красавіка Сьвятлана Ціханоўская знаходзілася з афіцыйным візытам на Кіпры. Яна сустрэлася з з прэзыдэнтам Кіпру Нікасам Хрыстадулідысам, зь якім, сярод іншага, абмеркавала спрашчэньне легалізацыі беларусаў на Кіпры, у прыватнасьці атрыманьне пашпарта іншаземца, спрашчэньне працэдураў, каб беларусам ня трэба было вяртацца ў Беларусь, падтрымку рэлякаваных бізнэсаў беларусаў, а таксама ціск на рэжым Лукашэнкі і яго шматбаковую ізаляцыю і адзіную пазыцыю да сытуацыі ў Беларусі на міжнароднай арэне.

Пасьля Ціханоўская сустрэлася са сьпікеркай кіпрскага парлямэнту і выступіла перад дэпутатамі. Яна заклікала Кіпр усталяваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Абʼяднаным пераходным кабінэтам. Ціханоўская і сьпікерка парлямэнту абмеркавалі ўзмацненьне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, закрыцьцё лазеек, выяўленьне актываў, зьвязаных з рэжымам, а таксама падтрымку сумленнага беларускага бізнэсу, спрашчэньне легалізацыі беларусаў, кароткатэрміновыя праграмы рэабілітацыі для дзетак палітвязьняў.

У Камітэце замежных справаў парлямэнту прайшлі слуханьні, на якіх абмяркоўвалі пытаньні падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, санкцыяў, стварэньне групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў кіпрскім парлямэнце альбо прызначэньне дэпутата, адказнага за Беларусь. Дэпутаты разгледзяць рэзалюцыю па Беларусі, а таксама падтрымаюць беларускія ініцыятывы ў ПАРЭ і ПА АБСЭ.

Таксама Ціханоўская выступіла перад дыпляматычным корпусам у Нікасіі. У канцы сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская ўручыла Джулі Фішэр, амбасадарцы і былой спэцпасланьніцы ЗША па Беларусі, Крыж добрасуседзтва.

Акрамя гэтага, Ціханоўская сустрэлася зь беларускай дыяспарай на Кіпры, дзе цяпер жыве каля 5000 беларусаў. Удзельнікі сустрэчы расказалі пра тыя праблемы і пытаньні, зь якімі яны сутыкаюцца, а таксама пра мітынгі і акцыі, якія яны ладзяць на Кіпры.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG