Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарга фураў на мяжы Польшчы зь Беларусьсю трапіла на спадарожнікавы здымак. Яе даўжыня — амаль 50 км


Становішча на памежным пераходзе Кукурыкі/Казловічы са спадарожнікавага здымку 9 красавіка 2024 году
Становішча на памежным пераходзе Кукурыкі/Казловічы са спадарожнікавага здымку 9 красавіка 2024 году

Свабода атрымала спадарожнікавыя здымкі трох памежных пераходаў, якія ўсё яшчэ прымаюць грузавы транспарт на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой пасьля закрыцьця ўсіх астатніх.

Чарга фураў на мяжы Польшчы зь Беларусьсю. Спадарожнікавы здымак. Planet Labs PBC
Чарга фураў на мяжы Польшчы зь Беларусьсю. Спадарожнікавы здымак. Planet Labs PBC

Днямі чарга фураў на польскім памежным пункце «Кукурыкі» ў бок Беларусі дасягнула амаль 50 км. Гэта бачна са спадарожнікавага здымка за 9 красавіка 2024 году з сэрвісу Planet.com. Чарга праходзіць праз горад Белая Падляская і амаль дасягае польскага гораду Мендзыжэца Падляскага. Разрываецца яна толькі на белападляскай аб’язной дарозе, бо фурам там стаяць забаронена.

«Кукурыкі» — адзіны памежны пераход паміж Беларусьсю і Польшчай, празь які могуць праяжджаць фуры.

Паводле дадзеных Нацыянальнай падатковай управы Польшчы ў Любліне, 9 красавіка ўезду ў Беларусь усё яшчэ чакалі каля 1100 грузавікоў. На сёньняшні дзень чарга застаецца прыкладна такая самая. З улікам «буфэрных зонаў» — населеных пунктаў, дзе нельга пакідаць грузавікі — яна расьцягнулася на 40 км.

«На дадзены момант вы павінны чакаць прыкладна 37–40 гадзін, каб пакінуць Польшчу», — адказалі Свабодзе ва ўправе.

Чаму ўтварылася чарга

У Нацыянальнай падатковай управе Польшчы ў Любліне Свабодзе патлумачылі, што запаволены рух у бок памежнага пераходу зь Беларусьсю абумоўлены дзьвюма прычынамі: колькасьцю грузавікоў і больш жорсткім кантролем дакумэнтаў на тавары польскімі памежнымі службамі.

Прэс-сакратар управы Міхал Дэрусь у камэнтары Свабодзе адзначыў, што большасьць машын у чарзе маюць эўрапейскія нумары, але праверкі тычацца ўсіх. «Мы правяраем перавозку санкцыйных і несанкцыйных тавараў і ці адпавядаюць грузу пазначаныя ў дакумэнтах несанкцыйныя тавары», — удакладніў Міхал Дэрусь.

Дэталёвыя праверкі тычацца ня толькі выезду з Польшчы, але і ўезду ў яе, бо менавіта гэтая краіна адказвае за выпуск тавараў у абарот у Эўразьвяз. Паводле назіраньняў Нацыянальнай падатковай управы, паводле стану на раніцу 10 красавіка чэргаў зь беларускага боку не было. Але адтуль транспарт праходзіць кантроль хутчэй. На тое ёсьць шэраг прычын.

«Пры гэтых праверках больш актыўна выкарыстоўваюцца маштабныя прылады — вялікія сканэры, што значна паскарае праверку. Вядома, пад санкцыі трапляе менш тавараў. Таму і менш працы, калі справа даходзіць да праверкі гэтых дакумэнтаў у адпаведнасьці з рэглямэнтам ЭЗ», — патлумачыў прэс-сакратар управы Міхал Дэрусь.

Польшча закрыла першыя тры пункты пропуску яшчэ ўвосень 2021 году на фоне міграцыйнага крызісу, што разьвязалі беларускія ўлады. А з 10 лютага 2023 году «ў інтарэсах дзяржаўнай бясьпекі» перастаў працаваць КПП Баброўнікі/Бераставіца, які лічыўся адным з найбуйнейшых прапускных пунктаў на мяжы зь Беларусьсю. (Тады міністар унутраных спраў Польшчы заявіў, што пераход «Баброўнікі» будзе закрыты да вызваленьня з турмы журналіста, прадстаўніка польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута).

У адказ Беларусь абмежавала праезд польскіх грузавікоў праз пункты пропуску на мяжы з Латвіяй і Літвой. Іх сталі прапускаць толькі празь беларуска-польскую мяжу. Да таго ж беларускі і польскі бакі ўвялі шэраг узаемных абмежаваньняў на ўезд і перачэпку грузавога транспарту.

На дадзены момант на польска-беларускай мяжы функцыянуюць толькі два пункты пропуску: Кукурыкі/Казловічы — для грузавога транспарту і Тарэспаль/Брэст — для легкавога.

Што адбываецца на беларуска-літоўскай мяжы

Беларускі дзяржаўны памежны камітэт заяўляў, што, паводле дадзеных на 9 красавіка, агулам на ўезд у краіны Эўразьвязу чакалі больш за 2450 грузавікоў. Там адзначылі, што найбольш загружаным застаецца менавіта літоўскі кірунак (1600 фураў). Падобная сытуацыя захавалася і 10 красавіка.

З шасьці КПП на беларуска-літоўскай мяжы цяпер працуюць толькі два: Меднікі/Каменны Лог і Салечнікі/Беняконі. Першыя два пункты пропуску — Шумск/Лоша і Цьверач/Відзы — былі зачыненыя яшчэ ў жніўні 2023 году ў адказ на магчымыя пагрозы з боку разьмешчаных у Беларусі наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

З 1 сакавіка 2024 году спынілі працу яшчэ два памежныя пераходы зь Беларусьсю: Лаварышкі/Катлоўка і Райгорад/Прывалка. Нацыянальны цэнтар крызіснага кіраваньня Літвы растлумачыў гэта неабходнасьцю ўзмацніць кантроль над замежнікамі, якія ўяжджаюць у краіну, і праводзіць больш пільны надгляд.

Нагадаем, што чыгуначныя зносіны як зь Літвой, так і з Польшчай былі прыпыненыя яшчэ ў 2020 годзе, калі пачалася пандэмія COVID-19.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG