Эмірацкі забудоўшчык ініцыяваў продаж прыналежных яму актываў у Беларусі, якая знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі, паведамляе Reuters са спасылкай на дзьве крыніцы, «знаёмыя з гэтым пытаньнем».
Паводле інфармацыі крыніцаў агенцтва, эмірацкі магнат нерухомасьці Мухамэд аль-Абар дасягнуў папярэдняй дамовы аб продажы сваёй долі ў шматмільярдным праекце нерухомасьці ў Менску праз сваю інвэстыцыйную кампанію Symphony Global Holdings. Гаворка пра шматфункцыянальны жылы комплекс «Паўночны бераг», які будуюць у Менску.
У размове з Reuters Алабар адмовіўся адказваць на пытаньні пра асобу патэнцыйнага пакупніка і абмяркоўваць прычыны рашэньня аб продажы менскіх актываў. Агенцтва не змагло даведацца, хто прапанаваў купіць долю Алабара ў «Паўночным беразе», а таксама ўмовы папярэдняга пагадненьняю
Прадстаўнік прэс-службы Лукашэнкі заявіў, што папярэдняе пагадненьне пра сыход Алабара зь Беларусі зьяўляецца «навіной для прэзыдэнта».
Сыход эмірацкага забудоўшчыка зь Беларусі адбываецца на фоне новага супрацоўніцтва зь зяцем былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам па пераўладкаваньні былога будынка штабу югаслаўскай арміі ў Сэрбіі ў жылы комплекс. Пра іх супрацоўніцтва раней не паведамлялася.
Мухамэд Алі аль-Абар — суўладальнік шэрагу кампаніяў у сфэрах інвэстыцыяў, нерухомасьці, гатэльнага бізнэсу, лягістыкі і г. д. Адна зь іх — «Эмірэйтс Блю Скай» — уваходзіць у структуру сэрбскай кампаніі братоў Карычаў «Дана Холдынгз» і выступае замоўцам комплексу «Паўночны бераг» з жыльлём і камэрцыйнай нерухомасьцю на 10 квадратных кілямэтрах у Менску.
Пад праект «Паўночнага берага» Аляксандар Лукашэнка ў 2021 годзе нават выпусьціў адмысловы ўказ № 186, якім перадаў тэрыторыю тэрыторыю ад Цнянскага вадасховішча да праспэкта Пераможцаў і ад Арлоўскай вуліцы да МКАД прыватнай кампаніі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Згодна з указам інвэстару даваліся шматлікія прэфэрэнцыі.
Плянавалася, што ў «Паўночным беразе» будуць жылыя дамы, а таксама сацыяльныя і грамадзкія абʼекты. Тэрмін будаўніцтва — да 2040 году. Плошча памяшканьняў — больш за 6 мільёнаў м². Кошт — больш за 10 мільярдаў беларускіх рублёў. Назва кампаніі-інвэстара — «Рывэрсайд дэвэлапмэнт холдынгз лімітэд», ААЭ.