«Белсат» сабраў інфармацыю пра 10 чалавек, што зьяўляюцца выхадцамі зь Беларусі або этнічнымі беларусамі, якія нарадзіліся і жылі на тэрыторыі Польшчы (найчасьцей на Беласточчыне, якая мяжуе зь Беларусьсю). Таксама вядома пра яшчэ адну беларуску, якая балятуецца ў дэпутаты Варшавы.
Дзе і за якія мандаты змагаюцца беларусы
Ганна Панішава
Балятуецца ў сябры Варшаўскай гарадзкой рады ад партыі «Права і Справядлівасьць».
Ганна Панішава — былая дырэктарка грамадзкай польскай школы ў Берасьці. Журналістка, перакладчыца, грамадзкая дзяячка. З 2004 году была сябрам незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі, у 2012–2013 гадах выконвала абавязкі старшыні аддзелу СПБ у Берасьці, прадстаўляла арганізацыю на міжнародных навуковых канфэрэнцыях.
Ганну Панішаву арыштавалі ў сакавіку 2021 году ў межах кампаніі ціску рэжыму Лукашэнкі на актывістаў польскай меншасьці. Яе, як і яшчэ дзьвюх актывістак — Ірэну Бярнацкую і Марыю Цішкоўскую — вызвалілі з-пад арышту і выслалі зь Беларусі ў чэрвені 2021 году на просьбу Нурсултана Назарбаева.
Ігар Лукашук
Балятуецца у Падляскі ваяводзкі сэймік.
Ігар Лукашук зьяўляецца дырэктарам Гайнаўскага ліцэю зь беларускай мовай навучаньня. Нарадзіўся ў Гайнаўцы ў 1978 годзе. З 2018 году зьяўляецца дэпутатам сэйміку Падляскага ваяводзтва, з 2014-га па 2018 год быў кіраўніком рады горада Бельску Падляскага.
Падчас перапісу 2021 году, які праходзіў у Польшчы, Лукашук актыўна агітаваў этнічных беларусаў на Беласточчыне, каб пазначалі сябе як беларусаў. Таксама Ігар Лукашук атрымаў мэдаль «Гонар і годнасьць» ад Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі за захаваньне беларускамоўнага статусу сваёй навучальнай установы.
Віталь Воранаў
Балятуецца ў мясцовую раду гміны Костшын (зьяўляецца адміністрацыйнай адзінкай Пазнанскага павету).
Віталь — беларускі перакладчык (перакладае з ангельскай, чэскай і польскай), літаратар, выдавец і публіцыст, папулярызатар беларускай дуды. Нарадзіўся ў Глыбокім у 1983 годзе, але ў 1996-м разам з бацькамі пераехаў у Польшчу. Зьяўляецца сузаснавальнікам і старшынёй Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані, а таксама заснавальнікам выдавецтва «Белы крумкач».
У сваёй перадвыбарнай праграме Воранаў гаворыць, што зьбіраецца займацца захадамі для скарачэньня запазычанасьці горада, паляпшэньня стану дарог, узьвядзеньня ачышчальных збудаваньняў і інш.
Радаслаў Пусько
Балятуецца ў дэпутаты рады варшаўскага раёна Бяляны ад «Грамадзянскай кааліцыі».
Этнічны беларус, нарадзіўся ў Беластоку, мае беларускія карані: дзед па бацькоўскай лініі паходзіў зь Ліды, бабуля — зь вёскі Крывічы. Па прафэсіі Пусько — сацыёляг, называе сябе гарадзкім актывістам. Апошнія 4 гады жыве ў Варшаве, працуе ў Бялянскім інтэгратары прадпрымальнікаў, займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў для ўкраінцаў і беларусаў.
Асноўнай дзейнасьцю Радаслава, калі яго выберуць дэпутатам, застанецца падтрымка прадпрымальнікаў. Таксама ён хоча стаць «голасам вольных беларусаў» і дапамагаць беларусам, якія жывуць у Польшчы.
Тамаш Герасімюк і Марэк Кулакоўскі
Балятуюцца ў раду Беластока са сьпісаў «Грамадзянскай кааліцыі».
Герасімюк і Кулакоўскі — прадстаўнікі беларускага асяродзьдзя ад Форуму меншасьцяў Падляшша. Герасімюк зьяўляецца старшынём, а Кулакоўскі — былым віцэ-старшынём Аб’яднаньня ў карысьць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову «АБ-БА», заснаванага ў 2006 годзе ў Падляскім ваяводзтве.
Як адзначае Марэк Кулакоўскі, яны ідуць найперш дзеля таго, «каб у радзе быў прадстаўлены голас меншасьцяў, і беларускай меншасьці таксама. І калі будзе такая патрэба, каб пільнаваць нашыя справы».
Надзея Яскулка
Балятуецца ў сэймік Малапольскі са сьпісу «Канфэдэрацыі і беспартыйных самаўрадоўцаў».
Надзея нарадзілася ў Менску ў 1988 годзе. Па адукацыі нэўралягапэд, пэдагог. Працуе нэўралягапэдам і настаўніцай у каталіцкім дзіцячым садку. У кастрычніку 2023 году ў яе нарадзіўся сын. Сярод каштоўнасьцяў называе любоў да Айчыны (гаворка пра Польшчу) і служэньне ёй, адданасьць каталіцкай веры і кансэрватыўным каштоўнасьцям.
Праграмныя пункты, якіх Надзея плянуе прытрымлівацца, трапіўшы ў дэпутаты, апублікаваныя на яе старонцы ў Фэйсбуку. Яны сугучныя з патрабаваньнямі, якія выстаўляюць правыя сілы ў Польшчы: эўраскептыцызм, выступы супраць паставак украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі, барацьба з карупцыяй, абарона сувэрэнітэту Польшчы ад пагрозаў як з усходу, так і ад нападак бюракратаў з Эўразьвязу.
Дзіяна Купрыянава
Балятуецца на пасаду старасты гміны горада Элк.
Купрыянава кажа, што зьяўляецца полькай, якая нарадзілася ў Горадні. У 2011 годзе разам з мужам, дзецьмі і бацькамі пераехала ў Польшчу і пасялілася ў Элку. У 2014 годзе атрымала грамадзянства, кажа, што адчула, быццам «вярнулася да сваіх каранёў».
Зьяўляецца ўладальніцай дзьвюх прыватных кампаніяў, ужо 5 гадоў яна стараста вёскі Ніткі, за гэты пэрыяд ініцыявала шэраг праектаў, дзякуючы ейным намаганьням вёска перамагла ў конкурсе на самую прыгожую вёску гміны. У 2021 годзе Дзіяну Купрыянаву выбралі «Жанчынай посьпеху» Вармінска-Мазурскага ваяводзтва як прадстаўніцу новай эпохі, якая спалучае ў сабе ролю кіраўніцы вёскі, прадпрымальніцы і грамадзкай актывісткі.
Дзіяна кажа, што вырашыла выкарыстаць свой досьвед і ідэі і балятавацца на пасаду старасты гміны Элк, але ў той жа час сутыкнулася зь вялікай хваляй хэйту. Карыстальнікі ў мясцовай суполцы ў Фэйсбуку абураюцца тым, што «ўкраінцы бяруць уладу ў Польшчы», чамусьці ўспрымаючы Дзіяну як украінку, бо яна гаворыць з акцэнтам. Жанчына кажа, што спраўляецца з гэтай нянавісьцю, бо «знае сабе цану».
Марэк Масальскі
Балятуецца ў сэймік Падляскага ваяводзтва са сьпісу «Грамадзянскай кааліцыі».
Колішні выпускнік беластоцкай філіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Сёньня зьяўляецца дырэктарам і стваральнікам Праваслаўнага асяродку міласэрнасьці «Eleos».
Масальскі гаворыць пра неабходнасьць падтрымкі асяродку нацыянальных меншасьцяў, найперш беларускай, а таксама праваслаўнага асяродку. Сярод іншых пытаньняў, якімі зьбіраецца займацца Масальскі, — «справы агульнасацыяльныя, эканамічнае разьвіцьцё нашага ваяводзтва, падтрымка прадпрымальнікаў, пытаньне дарог».
Славамір Назарук
Балятуецца ў сэймік Падляскага ваяводзтва зь Беластоку са сьпісу ад «Права і справядлівасьці».
Сярод ягоных прыярытэтаў — клопат пра справы праваслаўных вернікаў і нацыянальных меншасьцяў, паколькі ён зьяўляецца іх прадстаўніком. Славамір Назарук — палітык зь вялікім досьведам: з 1998 году ён уваходзіць у самаўрады на Падляшшы. Пяць разоў запар выбіраўся гарадзкім радным Беластоку, а цягам апошніх 5 гадоў быў радным сэйміку Падляскага ваяводзтва.
Лукаш Бірыцкі
Балятуецца ў раду Беластоцкага павету ад акругі, якая ахоплівае гміны Юхнавец Касьцельны, Сураж і Заблудаў.
Лукаш Бірыцкі нарадзіўся ў Гайнаўцы, вучыўся ў Галоўнай школе сельскай гаспадаркі на лесьніка, вывучаў беларускую мову. Некалькі гадоў Бірыцкі жыве зь сям’ёй у Заблудаве.
Бірыцкі кажа, што вырашыў паспрабаваць свае сілы на мясцовых выбарах, каб рэальна паўплываць на прыток інвэстыцыяў, якія маглі б палепшыць умовы жыцьця ў раёне. Ён адзначае, што не належыць ні да якой партыі, але вырашыў паспрабаваць балятавацца са сьпісаў «Грамадзянскай плятформы», бо лічыць, што гэтая партыя атрымае найбольшую падтрымку.