Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрну «Беллеспаперапрам», які адным зь першых адчуў наступствы санкцый, прызначылі новага кіраўніка


Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат. Ілюстрацыйнае фота
Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат. Ілюстрацыйнае фота

Новы кіраўнік канцэрну паведаміў аб праблемах, якія зьявіліся пасьля абмежаваньня продажу прадукцыі «Беллеспаперапраму» на рынак Эўразьвязу.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Аляксандра Пшоннага кіраўніком канцэрну «Беллеспаперапрам», які адным зь першых адчуў ціск міжнародных санкцый, уведзеных пасьля 2020 году. Аляксандар Пшонны з 2020 году працаваў намесьнікам старшыні канцэрну.

У сьнежні 2023 году Аляксандар Пшонны прэзэнтаваў некалькі новых інвэстыцыйных праектаў канцэрну, якія, паводле яго, ужо ў 2024-2025 годзе маглі прынесьці дадаткова 100 мільёнаў даляраў пры рэалізацыі прадукцыі на экспарт.

Сярод такіх праектаў ён назваў праект па вытворчасьці мяшэчнай паперы на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце, а таксама па выпуску лямінаваных панэляў у Івацэвічах. Гэтыя праекты плянавалася рэалізаваць у межах праграмы імпартазамяшчэньня.

«Уздыхняце, а потым зноў абрынецеся»

Як адзначаецца на сайце Аляксандра Лукашэнкі, пры прызначэньні Аляксандра Пшоннага ён пацікавіўся агульнай сытуацыяй на прадпрыемствах галіны. Новы кіраўнік канцэрну адказаў, што сытуацыя стабілізуецца, але захоўваецца шэраг праблем, якія зьявіліся пасьля абмежаваньня доступу прадукцыі «Беллеспаперапраму» на рынак Эўразьвязу, а таксама праз закрэдытаванасьць прадпрыемстваў.

«То бок вы ў банках набралі грошай?» — запытаў Лукашэнка.

«Грошы ўзялі яшчэ ў 2010–2015 гадах, калі праходзіла вялікая мадэрнізацыя. Сумы значныя, і яны цягнуць прадпрыемствы ўніз», — адказаў Аляксандар Пшонны. Ён дадаў, што ёсьць прапанова рэструктурызаваць даўгі — зьнізіць стаўкі па крэдытах і перавесьці валютныя запазычанасьці ў рублёвыя.

«Гэта глыток паветра ці гэта кардынальна мяняе сытуацыю?» — запытаў Лукашэнка.

«Пакуль глыток паветра», — адказаў новы кіраўнік канцэрну.

«Хочаце сказаць, што ўздыхняце, а потым зноў абрынецеся?» — удакладніў Лукашэнка.

«Уздыхнём, потым павінны нешта пабудаваць», — адказаў Пшонны.

Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў яго аб адказнасьці за вырашэньне праблем рэалізацыі прадукцыі.

«Так, як працуе „Беллеспаперапрам“, а вы былі намесьнікам, так працаваць нельга. На поўдзень вызначанай паралелі лесу няма. Сьвету патрэбная гэтая прадукцыя, пачынаючы ад рэйкі падлогі, ліштвы да мэблі. А мы ня можам прадаць. Таму вы шукайце найперш выхад з сытуацыі ў сябе. А потым прыходзьце, калі чагосьці не хапае, прапануйце рэструктурызаваць», — падкрэсьліў Лукашэнка.

У лютым 2024 году ўрад Беларусі вырашыў за кошт бюджэту пагасіць працэнты па крэдытах 5 дзяржаўных прадпрыемстваў, што пацярпелі ад санкцый. Сярод іх «Барысаўдрэў», «Івацэвічдрэў», «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат», «Кіроўная кампанія холдынгу „Беларускія шпалеры“» і РУП «Завод газэтнай паперы».

У сакавіку 2024 году журналісты «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру»— праекту ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода «Схемы» і Gazeta Wyborcza — апублікавалі расьсьледаваньне, зь якога вынікала, што пасьля таго, як у сакавіку 2022 году Эўразьвяз увёў забарону на імпарт беларускай драўніны, значная частка якой традыцыйна пастаўлялася ў Эўропу (штогод на суму каля мільярда эўра), экспарт драўніны з Казахстану і Кіргізстану ў ЭЗ вырас у дзясяткі і нават тысячы разоў. Насамрэч часткова гэта быў беларускі лес, які вывозілі ў Эўропу, выкарыстоўваючы схемы ўскоснага рээкспарту і падробленыя дакумэнты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG