Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку 2024 году ў Беларусі ад хатняга гвалту загінулі сама меней тры жанчыны


Акцыя супраць хатняга гвалту ў Менску, архіўнае фота
Акцыя супраць хатняга гвалту ў Менску, архіўнае фота

Пра гэта сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз інфармацыі прэс-службы Сьледчага камітэту (СК) Беларусі.

4 красавіка СК паведаміў пра забойства ў Горадні 44-гадовай жанчыны, якое адбылося ў сакавіку. Па адной з вэрсій сьледзтва, яе пабіў, а затым задушыў 51-гадовы муж, які пасьля гэтага налажыў на сябе рукі.

Паводле СК, незадоўга да здарэньня паміж мужам і жонкай адбыўся канфлікт, аднак яны прымірыліся і працягвалі жыць разам. Мужчына да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся. У мужа і жонкі дзьве дарослыя дачкі, якія жывуць за мяжой, піша «Позірк».

26 сакавіка ў Менску, паводле папярэдніх зьвестак СК, 73-гадовы мужчына некалькі разоў ударыў сваю 71-гадовую жонку нажом, пасьля чаго выкінуўся з акна. Жанчына памерла.

Раніцай 15 сакавіка ў Століне (Берасьцейская вобласьць) 38-гадовы мужчына забіў сваю 39-гадовую жонку. Пра тое, што адбылося, бацькам мужчыны паведаміў яго 11-гадовы сын. На галаве загінулай знайшлі шматлікія траўмы. На кухні былі замытыя сьляды крыві і меркаваная прылада злачынства — сякера. Пасьля забойства мужчына паспрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, на хуткасьці 180 км/г ён урэзаўся на аўтамабілі ў стэлу на ўезьдзе ў горад, але выжыў.

14 сакавіка 60-гадовы жыхар Бабруйску (Магілёўская вобласьць) у парыве рэўнасьці ледзь не ўзарваў дом, дзе знаходзілася яго былая сужыцелька са сваім мужам. Абышлося без ахвяр.

Адказваючы на пытаньне, ці неабходны ў Беларусі закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Беларускага саюзу жанчын, начальніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і па справах моладзі Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава сказала 6 сакавіка, што беларусы жывуць у бясьпечнай краіне дзякуючы «працы праваахоўных органаў».

Розныя віды хатняга гвалту зазнаюць 17,6% беларускіх гараджанак, якія маюць партнэра, сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры дапамозе Chatham House.

Паводле МУС, штогод фіксуецца каля 80 тыс. паведамленьняў пра хатні гвалт. На прафіляктычным уліку стаіць 21 тысяча чалавек, якія прымянялі гвалт дома.

У Беларусі няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Адпаведны дакумэнт распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 году чарговы варыянт рэзка скрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG