У Аўстрыі тэму аб пагрозах распаўсюджаньня ўплыву расейскіх спэцслужбаў разгледзяць на пасяджэньні Рады бясьпекі, бо зьявіліся падазрэньні аб укараненьні расейскіх спэцслужбаў у палітычныя партыі і аб’яднаньні краіны.
У Чэхіі за некалькі дзён да гэтага ў нацыянальны санкцыйны сьпіс унесьлі кампанію Voice of Europe s.r.o. (ТАА «Голас Эўропы»), зь якой зьвязаны кум Пуціна і ў мінулым уплывовы ўкраінскі палітык Віктар Медзьвядчук. Пры ягоным пасярэдніцтве Крэмль спрабаваў паўплываць на вынікі выбараў у Эўрапейскі парлямэнт, якія адбудуцца праз два месяцы.
Расейская служба Радыё Свабода прааналізавала заявы аб пагрозе распаўсюду ўплыву расейскіх спэцслужбаў у Эўразьвязе.
У Празе заявілі аб пагрозе бясьпецы краіны і Эўразьвязу
Урад Чэхіі на закрытым пасяджэньні 31 сакавіка ўключыў у нацыянальны санкцыйны сьпіс яшчэ тры арганізацыі: дзьве фізычныя і адну юрыдычную асобу. Гэта ўкраінскі палітык Віктар Медзьвядчук (у 2022 годзе яго абмянялі на ўкраінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон Расеі пасьля выхаду з Марыюпалю. — РС), ягоны памочнік Арцём Марчэўскі і кампанія Voice of Europe, s.r.o. (ТАА «Голас Эўропы»). Іх актывы, а таксама актывы іх кампаній у Эўразьвязе замарозяць.
Як заявіў прэмʼер-міністар Чэхіі Пэтар Фіяла, «прарасейская сетка спрабавала ажыцьцявіць апэрацыю ўплыву, якая магла б несьці сурʼёзную пагрозу бясьпецы Чэхіі і Эўрапейскага зьвязу».
У прыватнасьці, уплыў ажыцьцяўляўся праз інтэрнэт-партал Voice of Europe, які распаўсюджваў інфармацыю на некалькіх мовах, спрабуючы паўплываць на грамадзкую думку жыхароў краін ЭЗ напярэдадні выбараў у Эўрапарлямэнт. Сьцьвярджаецца, што дзейнасьць сайту фінансавалі і кантралявалі непасрэдна з Расеі.
Паводле чэскай службы бясьпекі (BIS), невялікая чэская кампанія перасьледавала дзьве мэты: фінансавала дзейнасьць палітыкаў Эўразьвязу, якія выступаюць супраць падтрымкі Ўкраіны, каб дабіцца іх максымальнага палітычнага ўплыву на ўзроўні Эўразьвязу, а таксама распаўсюджвала інфармацыю, выгадную Расеі, і давала пляцоўку прарасейскім палітыкам.
Чэскія журналісты пасьпелі наведаць офіс Voice of Europe у цэнтры Прагі яшчэ да публікацыі дакладу BIS. Як пісала выданьне Hlídací Pes, супрацоўнікі парталу размаўлялі паміж сабой па-расейску.
Кампанія Voice of Europe s.r.o. у рэестры чэскіх юрыдычных асоб зарэгістраваная на грамадзяніна Польшчы Яцэка Якубчыка. Якім чынам яна зьвязана зь Віктарам Медзьвядчуком і ягоным памочнікам Арцёмам Марчэўскім, чэская служба бясьпекі не ўдакладніла. Тым ня менш на сайце BIS гаворыцца, што вынікі расьсьледаваньня служба прадставіла ў дакладзе на 300 старонках на закрытым пасяджэньні ўраду 31 сакавіка.
«Сярод асноўных тэзісаў, якія пашыраў сайт Voice of Europe, сьцьвярджэньне аб тым, што далейшая падтрымка Ўкраіны толькі працягвае вайну і перашкаджае заключэньню міру. Інфармацыйную падтрымку тут атрымлівалі людзі зь відавочна прарасейскімі поглядамі, у тым ліку эўрапейскія палітыкі. Адной з мэтаў гэтай прапаганды была спроба паўплываць на выбары ў Эўрапарлямэнт», — гаворыцца на сайце службы бясьпекі Чэхіі.
Нямецкае выданьне Der Spiegel удакладніла, што ўплыў Расеі тычыўся шасьці эўрапейскіх краін. Як вынікае з публікацыі выданьня, частка палітыкаў атрымлівала фінансаваньне непасрэдна з Расеі. Але самі палітыкі, якіх лічаць прарасейскімі ў Нямеччыне і Чэхіі, адмаўлялі сваё фінансаваньне з Расеі.
Аўстрыя і дзейнасьць расейскіх выведных службаў
Празь некалькі дзён пасьля таго, як сталі вядомыя падрабязнасьці справаздачы чэскай службы бясьпекі аб дзейнасьці інтэрнэт-парталу Voice of Europe, праз падазрэньне ў шпіянажы арыштавалі былога супрацоўніка цяпер ужо расфармаванага аўстрыйскага Фэдэральнага агенцтва абароны канстытуцыі і барацьбы з тэрарызмам Эгіста Ота.
Венская пракуратура заявіла, што ягоная дзейнасьць нанесла шкоду Аўстрыі, але падрабязнасьцяў не ўдакладніла. У той жа час заходнія СМІ даведаліся, што экс-чыноўніка падазраюць у перадачы зьвестак з тэлефонаў трох высокапастаўленых супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі — былога кіраўніка офіса кіраўніка МУС, дырэктара Фэдэральнай паліцыі і кіраўніка ведамства ў справах іміграцыі.
Доступ да гэтых зьвестак Ота атрымаў пасьля рачной прагулкі колішніх чыноўнікаў па Дунаі: іхныя тэлефоны ўпалі ў ваду, а затым іх перадалі спэцыялістам, каб перапісаць зьвесткі. Эгіста Ота ўжо арыштоўвалі раней, але адпусьцілі. Яго сталі падазраваць у шпіянажы пасьля таго, як брытанская выведка затрымала шасьцярых грамадзян Баўгарыі, зьвязаных з экс-дырэктарам цяпер збанкрутаванай кампаніі Wirecard. Гэтая фінансавая фірма супрацоўнічала з расейскай выведкай і, у тым ліку, дапамагала ажыцьцяўляць плацяжы для яе. Чэскія СМІ пісалі, што і Voice of Europe была зьвязана зь фінансавымі рынкамі — некаторыя плацяжы для фінансаваньня выгаднай Крамлю дзейнасьці ў Эўразьвязе ажыцьцяўлялі ў крыптавалютах.
Пасьля арышту Эгіста Ота канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр заявіў аб пагрозе бясьпецы краіны з боку расейскіх выведных службаў.
Як адрэагавалі ў ЭЗ на інфармацыю чэскай службы бясьпекі
Польская выведная служба ABW пасьля апублікаванага ў Чэхіі даклада сканфіскавала 48,5 тысячы эўра і 36 тысяч даляраў у неназваных асобаў. У чэскай службе бясьпекі заявілі, што гэтыя дзеяньні сталі вынікам супрацы шэрагу эўрапейскіх службаў, у тым ліку і Службы бясьпекі Ўкраіны.
Прэмʼер-міністар Бэльгіі Аляксандэр Дэ Кро заявіў у парлямэнце, што чэскія і бэльгійскія спэцслужбы таксама цесна супрацоўнічаюць па апублікаваных Чэхія зьвестак.
Кіраўніца фракцыі Эўрапарлямэнту «Абнаўляючы Эўропу» Валеры Ае, якая ўзначальвае сьпіс кандыдатаў у Эўрапейскі парлямэнт ад партыі прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, заклікала абмеркаваць апублікаваную інфармацыю ў Эўрапарлямэнце.
«Калі некаторыя цяперашнія дэпутаты або кандыдаты на маючых адбыцца выбарах атрымалі сродкі або былі карумпаваныя расейскім урадам, іх неабходна назваць», — сказала Ае. Дэпутат Эўрапарлямэнту Жыльбэр Каляр заявіў, што высновы BIS ужо пачалі вывучаць.
Хто такі Медзьвядчук і якія сувязі ён меў зь Беларусьсю
Віктар Медзьвядчук — украінскі палітык, лідэр забароненай пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны прарасейскай партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“».
Ва Ўкраіне Віктара Медзьведчука затрымалі ў красавіку 2022 году, пасьля ўцёкаў з-пад хатняга арышту, дзе ён знаходзіўся па абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе. Украінскія ўлады заяўлялі, што могуць абмяняць яго на палонных украінскіх вайскоўцаў.
Пазьней Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала відэазапіс, на якім сам Медзьвядчук прасіў абмяняць яго на азоўцаў. Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў казаў, што гаворкі пра абмен Медзьведчука не ідзе, бо ён грамадзянін Украіны.
У Беларусі Медзьвядчук меў бізнэс-партнэра Мікалая Вараб’я, які спачатку набыў кантрольны пакет акцый украінскага прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (яно займалася транспартаваньнем дызэльнага паліва ва Ўкраіну і Эўропу), а потым атрымаў адмысловы дазвол на пастаўку ва Ўкраіну антрацытавага вугалю. Беларускага бізнэсоўца наўпрост зьвязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам.
У лютым 2021-га Ўкраіна нацыяналізавала гэтае прадпрыемства Медзьведчука — Вараб’я і перадала яго ў кіраваньне дзяржаўнай кампаніі.
Разам са сваёй жонкай Аксанай Марчанкай Віктар Медзьвядчук трымаў частку сваіх грошай у беларускім «Абсалютбанку», які належаў бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю.
Калі стала вядома аб уцёках Медзьведчука з-пад хатняга арышту, журналісты знайшлі непадалёк ад Кіева ягоны «залаты» вагон зь вялікай колькасьцю каштоўных элемэнтаў. Гэта падарунак жонкі Аксаны яму на дзень нараджэньня.