Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцлер Аўстрыі: краіне пагражае расейскі шпіянаж


Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр
Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр

Аўстрыі неабходна прыняць новыя меры бясьпекі перад пагрозай, якую нясе пранікненьне ў краіну расейскіх выведніцкіх службаў, заявіў 1 красавіка канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр, піша «Голас Амэрыкі» са спасылкай на агенцтва Associated Press. Канцлер аб’явіў, што гэту праблему будуць абмяркоўваць на пасяджэньні Рады бясьпекі.

Заява канцлера прагучала ўсьлед за арыштам праз падазрэньне ў шпіянажы былога супрацоўніка цяпер расфармаванага Фэдэральнага агенцтва абароны канстытуцыі і барацьбы з тэрарызмам Эгіста Ота.

«Ёсьць сурʼёзныя абвінавачаньні. З аднаго боку, іх павінны ацаніць судовыя органы; з другога, неабходна ацаніць і растлумачыць сытуацыю зь бясьпекай у рэспубліцы... Мы ня можам дапусьціць каб расейскія шпіёнскія сеткі стварылі пагрозу нашай краіне, пранікаючы і эксплюатуючы палітычныя партыі і абʼяднаньні», — падкрэсьліў канцлер Аўстрыі.

Эгіста От быў затрыманы ў канцы сакавіка. Венская пракуратура не апублікавала дэталяў выстаўленых Оту абвінавачаньняў, паведаміўшы толькі, што яны зьвязаныя са злоўжываньнем службовым становішчам і «нанесьлі шкоду Аўстрыі». Паводле інфармацыі газэты Der Standard, сярод іншага Ота падазраюць у перадачы расейскім спэцслужбам дадзеных з мабільных тэлефонаў трох высокапастаўленых супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі — былога кіраўніка офіса кіраўніка МУС, дырэктара фэдэральнай паліцыі і кіраўніка ведамства ў справах іміграцыі.

Паводле зьвестак газэты, Эгіста От быў затрыманы на падставе інфармацыі брытанскай выведкі, якая за апошнія паўгода арыштавала шасьцярых грамадзян Баўгарыі — іх падазраюць у працы на расейскую выведку. Яны і Эгіста От, як падазраюць, працавалі зь Янам Марсалекам, экс-дырэктарам фінансавай кампаніі Wirecard, які, паводле СМІ, шмат гадоў супрацоўнічаў з расейскімі спэцслужбамі.

У 2017 годзе Ота адхілілі ад працы пасьля папярэджаньняў з боку заходніх спэцслужбаў аб яго магчымым шпіянажы на карысьць Расеі. У 2021 годзе яго зьмясьцілі пад арышт, аднак неўзабаве вызвалілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG