Праваахоўныя органы Літвы затрымалі па падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Расеі шэраг асобаў, зьвязаных зь некалькімі непарлямэнцкімі партыямі. Пра гэта паведамляе партал Delfi.lt са спасылкай на літоўскага генпракурора Эвалдаса Пашыліса.
Дакладная колькасьць затрыманых за супрацоўніцтва з расейскімі спэцслужбамі не называецца. Вядома, што сярод іх ёсьць былы старшыня прарасейскай партыі «Сацыялістычны народны фронт» Альгірдас Палецкіс.
Па словах генпракурора Эвалдаса Пашыліса, падазраваныя на працягу працяглага часу выконвалі заданьні расейскай выведкі. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра збор інфармацыі аб палітычнай сытуацыі ў Літве.
Адзін з затрыманых — грамадзянін Расеі Валерый Іваноў, які жыве ў Вільні. У часе ператрусу ў яго дома сьледчыя знайшлі зброю. Іваноў у ліпені 1997 году быў асуджаны за паклёп на ахвяраў 13 студзеня 1991 году. У кнізе «Літоўская турма» ён сьцьвярджаў, што ахвяры 13 студзеня — гэта фальсыфікацыя, а савецкая армія ў Вільні не забіла ніводнага абаронцу. Ён быў прысуджаны да году зьняволеньня.
На пачатку сьнежня паведамлялася пра высылку са Славаччыны расейскага дыплямата, якога абвінавацілі ў супрацоўніцтве з ваеннай выведкай РФ. У адказ на гэтыя дзеяньні Расея абвясьціла пэрсонай нон грата супрацоўніка пасольства Славаччыны ў Маскве.
Месяцам раней у Вене былі затрыманыя адстаўны палкоўнік аўстрыйскай арміі і супрацоўнік Фэдэральнага ведамства па абароне Канстытуцыі: па зьвестках спэцслужбаў краіны, яны займаліся шпіянажам на карысьць Расеі.