Суд абавязаў крыптаінвэстара выплаціць 11 мільярдаў даляраў штрафу, частку якога ўрад скарыстае на кампэнсацыі пацярпелым, паведамляе The Washington Post. Суд заявіў, што абвінавачаны «ня змог прыняць адказнасьць за створаную ім катастрофу».
«Спадар Бэнкман-Фрыд кажа, што былі дапушчаныя памылкі... але ня выказаў ні слова раскаяньня за зьдзяйсьненьне жудасных злачынстваў», — заявіў фэдэральны судзьдзя Льюіс Каплан, які выносіў прысуд.
Заснаваная ў 2019 годзе біржа FTX да лістапада 2022 году ацэньвалася ў 32 мільярды даляраў. Кошт кампаніі абнуліўся за некалькі дзён пасьля публікацыі журналісцкага расьсьледаваньня, у якім гаварылася, што актывы другога буйнога бізнэсу Бэнкмана-Фрыда ў асноўным складаюцца з крыптавалюты, выпушчанай ягонай жа біржай.
Згодна з вэрдыктам прысяжных, бізнэсовец перамяшчаў дэпазыты кліентаў FTX у выглядзе пазык у свой інвэстыцыйны фонд Alameda Research, які выкарыстоўваў гэтыя сродкі для выплат сваім крэдыторам і выдаваў крэдыты самому бізнэсоўцу, які выкарыстоўваў іх для біржавых спэкуляцый. Сам ён на судзе заявіў, што ня ведаў, што зьдзяйсьняе незаконныя дзеяньні.