Тэлеканал «Настоящее время» разам зь лекарамі разьбірае самыя папулярныя міты аб вакцынацыі.
Вакцыны не прыводзяць да анкалягічных захворваньняў
Вакцыны ад каранавірусу не выклікаюць раку. Да гэтага часу няма ніводнага выпадку, які даказаў бы адваротнае. Анкалягічныя захворваньні наогул разьвіваюцца гадамі. Значна даўжэй, чым ужываюць вакцыны ад каранавірусу.
«Вакцына ў прынцыпе ня можа выклікаць разьвіцьця ніякага раку. Гэта ўсё спэкуляцыі, гэта ўсё людзі, якія супраць прышчэпак у прынцыпе», — кажа Галіна Навічкова, генэральны дырэктар Нацыянальнага мэдычнага дасьледчага цэнтру дзіцячай гематалёгіі, анкалёгіі і імуналёгіі імя Дзьмітрыя Рагачова.
І гаворка ня толькі пра каранавірус. За ўсю гісторыю назіраньняў ніводная вакцына не прыводзіла да анказахворваньняў.
Вакцыны ня могуць зьмяніць ДНК
Яшчэ адзін папулярны міт — нібыта вакцына можа зьмяніць ДНК чалавека. Гэта ня так. Паводле зьвестак сайту Our World in Data, цалкам вакцынаваліся ўжо больш за тры мільярды чалавек, і да гэтага часу невядома, каб хоць у каго-небудзь зь іх зьмянілася ДНК.
«Клетка збудаваная досыць складана, і ў ёй даволі шмат мэханізмаў, каб не дапускаць чужародную інфармацыю ўнутр клеткі, — тлумачыць лекар-тэрапэўт Натальля Бандарэнка. — Адна з самых галоўных задач любой жывой істоты, любога жывога арганізму, закладзеная эвалюцыяй, — гэта размножыцца і пры гэтым захаваць сваю ідэнтычнасьць, перадаць інфармацыю нашчадкам у нязьменным выглядзе».
Ад вакцыны немагчыма заразіцца COVID-19
Часта пазьбягаюць прышчэпак і тыя, хто якраз баіцца захварэць на каранавірусную інфэкцыю. І гэта яшчэ адзін міт. Чалавека нельга заразіць праз прышчэпку: у вакцыне няма вірусу, ёсьць толькі інфармацыя аб ім.
«Былі нейкія анэкдатычныя дасьледаваньні пра тэарэтычную магчымасьць ажываньня адэнавірусу ў другой дозе вакцыны „Спутник V“, што ацэньвалі аргентынскія навукоўцы. Але нават ажываньне гэтага адэнавірусу ня будзе прыводзіць ні да ковіду, ні да адэнавіруснай інфэкцыі», — кажа інфэкцыяніст Вадзім Арыстаў.
Калі з распаўсюджанымі ў Эўропе і ЗША прышчэпкамі ўсё больш-менш зразумела, то зь іншымі прэпаратамі ўсё крыху складаней. Асабліва шмат мітаў вакол вакцын, якія зьмяшчаюць так званы інактываваны вірус.
«Пры вакцынацыі кітайскай вакцынай або падобнымі, дзе ёсьць інактываваны вірус, таксама немагчыма захварэць, — тлумачыць Вадзім Арыстаў. — Там генэтычны апарат вірусу зьнішчаны, застаецца толькі бялковая абалонка. Яна выклікае трэніроўку імунітэту, але не выклікае захворваньня».
Заразіцца падчас вакцынацыі можна толькі па дарозе на ўкол або па дарозе назад: калі няправільна насіць маску на твары або парушаць сацыяльную дыстанцыю. Сама прышчэпка да захворваньня на ковід прывесьці ня можа, лічаць лекары.
Алергікаў таксама можна вакцынаваць
Лекары лічаць, што вакцынаваць можна нават людзей з дыягназам «алергія», толькі больш акуратна. Перад уколам спэцыяліст павінен уважліва вывучыць гісторыю хваробы пацыента.
Лекар-тэрапэўт Натальля Бандарэнка лічыць, што калі ў чалавека ёсьць алергія на нейкія пэўныя клясы антыгенаў і алергенаў, зусім не абавязкова, што ў яго будзе алергія на іншае. «Людзі з алергіяй на катоў могуць спакойна есьці трускаўкі. І наадварот: людзі з алергіяй на трускаўкі могуць спакойна пасядзець побач з коткай. Гэтаксама людзі з цэлым букетам алергічных захворваньняў могуць прышчапляцца, калі ў іх не было алергіі на кампанэнты гэтай вакцыны».
Рэакцыя арганізму на ўкол — гэта нармальна. Да гэтага трэба быць гатовым заўсёды. Невыпадкова лекары рэкамэндуюць пацыентам пасьля іньекцыі правесьці пад назіраньнем адмыслоўцаў да паўгадзіны. Калі нейкія рэакцыі адбудуцца, лекары адразу ж распачнуць экстраныя захады.
Вакцына не прыводзіць да трамбозу
Яшчэ адзін папулярны міт — нібыта вакцыны выклікаюць трамбоз. Насамрэч гэта ня так. Трамбатычная рэакцыя на ўвядзеньне вакцыны магчымая, пагаджаецца інфэкцыяніст Вадзім Арыстаў. Але, паводле яго зьвестак, такі выпадак можа быць адзін на 100 тысяч уведзеных дозаў ці яшчэ радзей. І не ў выпадковых пацыентаў, а ў людзей з канкрэтным дыягназам.
«Гэта трамбацытапэнічная пурпура і сындром падвышанай пранікальнасьці капіляраў. У гэтых выпадках — перасьцярога. І яшчэ ёсьць трэці момант — гэта гепарын-індукаваная трамбацытапэнія. Калі ёсьць падобныя станы, тады прызначаюць мРНК вакцыны», — кажа Вадзім Арыстаў (мРНК вакцыны, матрычная рыбануклеінавая кіслата, — гэта Pfizer і Moderna. — РС).
Натуральны імунітэт ня лепшы, чым вакцынацыя
Яшчэ адна памылка: калі чалавек малады і здаровы, то ён лёгка перанясе каранавірус. Гэта далёка не заўжды так. А калі хвароба і будзе працякаць бессымптомна ці ў лёгкай форме, зусім ня факт, што ў выніку набыты імунітэт будзе працаваць лепш, чым імунітэт, атрыманы пасьля ўколу супрацьвіруснай вакцынай.
«На жаль, яшчэ год таму былі надзеі, што перахварэлыя ня будуць хварэць зусім або будуць хварэць рэдка. Зараз ва ўласнай практыцы мы бачым людзей, якія хварэюць па другім і нават трэцім коле. Прычым лёгка перанесены ковід у першы раз не гарантуе, што так будзе наступным разам», — расказвае лекар-тэрапэўт Натальля Бандарэнка.
Тым жа, хто ўсё ж такі набыў імунітэт пасьля пацьверджаньня дыягназу COVID-19, лекары ўсё роўна раяць вакцынавацца — пасьля кансультацыі з асабістым лекарам.