Гомельскі гарвыканкам адмовіў у акрэдытацыі Клюбу дзюдо «Прайд», паведамляе рэгіянальнае выданьне «Флагшток».
«Прайд» — папулярны спартовы клюб з шырокай сеткай заляў у Гомлі і Жлобіне, у ім налічваецца каля 50 групаў, у якіх займаецца больш за тысячу дзяцей.
Як стала вядома «Флагштоку», у лютым Гомельскі гарвыканкам адмовіў клюбу ў праходжаньні дзяржаўнай акрэдытацыі «на права ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў разьвіцьці фізычнай культуры і спорту» (патрабаваньне аб акрэдытацыі спартовых установаў у Беларусі ўвялі з 1 студзеня 2024 году).
У рашэньні за подпісам старшыні гарвыканкаму Ўладзіміра Прывалава прычынай адмовы названае «невыкананьне крытэраў для праходжаньня дзяржаўнай акрэдытацыі, зацьверджаных пастановай Савета Міністраў РБ ад 28 чэрвеня 2023 году № 416».
Як адзначае «Флагшток», пункт 2.6, празь які не пройдзеная акрэдытацыя, палітычны. Ён зьмяшчае такія крытэры:
«Адсутнасьць фактаў прыцягненьня да адказнасьці за непаважлівае стаўленьне да дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў, у тым ліку дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь, канстытуцыйнага ладу, кіраўніка, намесьнікаў кіраўніка арганізацыі, а таксама адсутнасьць фактаў прыцягненьня гэтых асобаў да адказнасьці за зьдзяйсьненьне супрацьпраўных дзеяньняў супраць парадку кіраваньня, грамадзкага парадку і грамадзкай маральнасьці».
У 2020 годзе заснавальнік і старшыня клюба Канстанцін Палей падпісаў зварот спартовай грамадзкасьці з заклікам да ўладаў спыніць гвалт, а таксама адбыў 15-дзённы адміністрацыйны арышт за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
У пабліку клюба ў Інстаграме зьявілася відэа, у якім сам Канстанцін Палей пракамэнтаваў адмову ў акрэдытацыі. Ён расказаў, што клюб больш ня можа арганізоўваць спаборніцтвы ў сувязі з адмовай у акрэдытацыі празь «невыкананьне крытэраў».
Паводле Палея, трэнэры і выхаванцы клюба пяройдуць у новы клюб «Ліён», які заснаваў Яўген Сёмачкін — беларускі самбіст і дзюдаіст, майстар спорту міжнароднага клясу, начальнік курсу Гомельскага філіялу Ўнівэрсытэту грамадзянскай абароны МНС.