Як паведаміў «Позірку» галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка, Ціханоўская прапанавала «дадаць новыя выключэньні» ў палітыку візавых абмежаваньняў «для сваякоў тых, хто пражывае ў Чэхіі, і студэнцкіх візаў». На думку дэмакратычнай лідэркі, «важна не пакідаць беларусаў сам-насам з рэжымам [Аляксандра Лукашэнкі] і Расеяй».
Паводле Вячоркі, бакі абмеркавалі падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл у рамках кампаніі «За эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі», правядзеньне санкцыйнай палітыкі такім чынам, каб, «з аднаго боку, ізаляваць рэжым, але не ізаляваць беларусаў».
Размова таксама тычылася падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне, у тым ліку палка Каліноўскага, незалежных СМІ і мэханізмаў прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці.
На сустрэчы зь міністрам адукацыі Чэхіі Мікулашам Бэкам Ціханоўская «падзякавала за прызначэньне дзяржаўных стыпэндый для беларускіх студэнтаў, уключаючы былых палітзьняволеных».
«Ціханоўская папрасіла міністра разгледзець павелічэньне колькасьці стыпэндый, ня толькі на магістарскія, але і на бакаляўрскія праграмы», — паведаміў Вячорка.
- 23 сакавіка ў Празе прайшла ІІІ Канфэрэнцыя беларусаў сьвету, у якой удзельнічала больш за 100 чалавек з 20 краін.
- На наступны дзень адбыўся прымеркаваны да Дня Волі марш з удзелам больш за 200 беларусаў. Яны прайшлі з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі са Старамесцкай плошчы да помніка ахвярам камунізму. Удзел у маршы прыняла дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская, якая адкрыла ў гэты ж дзень у чэскай сталіцы памятны знак у гонар Францішка Скарыны.
- 25 сакавіка адкрыўся Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі. На адкрыцьці міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпоўскі выказаў надзею на тое, што гэты офіс будзе садзейнічаць «падтрымцы прыхільнікаў перамен, незалежных СМІ і палітзьняволеных», а таксама стане «служыць мостам для двухбаковага супрацоўніцтва».