Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Ня лічыць Каліноўскага героем, але прызнае сталінскія рэпрэсіі. Што вядома пра новага сьпікера Палаты прадстаўнікоў Сергеенку


Ігар Сергеенка ў Палаце прадстаўнікоў. Менск, 22 сакавіка 2024
Ігар Сергеенка ў Палаце прадстаўнікоў. Менск, 22 сакавіка 2024

Ігар Сергеенка больш за 30 гадоў адпрацаваў у КДБ. У Адміністрацыі прэзыдэнта ён зьмяніў Натальлю Качанаву, пры ім былі выбары 2020 году і каранавірусная пандэмія.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка (яшчэ афіцыйна не адпраўлены ў адстаўку) 22 сакавіка быў выбраны сьпікерам Палаты прадстаўнікоў. За Сергеенку прагаласавала 109 дэпутатаў з 109, якія прысутнічалі на паседжаньні.

Свабода паглядзела, што вядома пра гэтага чыноўніка.

Нарадзіўся ў Сталіцы

Ігару Сергеенку 61 год. Ён родам зь вёскі Сталіца Шаркаўшчынскага раёну Віцебскай вобласьці. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. У 1988 годзе стаў слухачом Вышэйшых курсаў КДБ СССР.

Выданьне «Наша ніва» пісала, што бацька Сергеенкі спачатку працаваў настаўнікам у школе, а потым узначаліў мясцовы калгас. Маці была настаўніцай малодшых клясаў. Бацькоў ужо няма сярод жывых.

Змагаўся з «экстрэмізмам» задоўга да 2020 году

У 2005 годзе Ігар Сергеенка стаў начальнікам упраўленьня КДБ па Горадзенскай вобласьці. У 2008 годзе менавіта Сергеенка ініцыяваў працэс прызнаньня кнігі Паўла Севярынца «Лісты зь лесу», кнігі «Случайный президент» Сьвятланы Калінкінай і Паўла Шарамета, а таксама газэты польскай меншасьці «Glos znad Niemna» «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Уся гэтая прадукцыя была канфіскаваная на мяжы, але да прызнаньня матэрыялаў экстрэмісцкімі справа тады так і не дайшла.

У 2010 годзе Ігар Сергеенка стаў кіраўніком упраўленьня КДБ ужо па Магілёўскай вобласьці. У той час ён даў інтэрвію выданьню «Вечерний Могилёв». Сярод іншага, ён тады зазначаў, што «эўрапейскія сілавікі маюць больш шырокія і жорсткія паўнамоцтвы, чым беларускія».

«У мужчынах цаню ўменьне трымаць слова, гонар і абавязаньні. А ў жанчынах — розум і духоўныя якасьці. Быў бы час, з задавальненьнем наведаў бы некаторыя гістарычныя месцы нашай Беларусі», — казаў ён.

«У Курапатах бязьвінна расстраляныя»

У 2013 годзе Сергеенка стаў спачатку намесьнікам старшыні КДБ у контравыведвальнай дзейнасьці, а потым — першым намесьнікам кіраўніка КДБ. Камітэт у той час узначальваў Валеры Вакульчык.

У 2017 годзе Ігар Сергеенка быў удзельнікам круглага стала ў рэдакцыі выданьня «Беларусь сегодня» на тэму Курапатаў, якое арганізаваў тагачасны рэдактар газэты Павал Якубовіч.

Паводле дадзеных архіваў КДБ, Ігар Сергеенка тады агучыў лічбу ў 235,5 тысячы рэпрэсаваных на тэрыторыі БССР у пэрыяд 1920-1950-х гадоў.

«Сёньня ні ў кога не выклікае сумневу, што ў Курапатах ляжаць людзі, якія былі бязьвінна, незаконна расстраляныя ў 1930-1940-я гады. Тое, што мы абмяркоўваем гэта сёньня і выходзім на канкрэтныя прапановы, сьведчыць аб наступным: з гэтай тэмы неабходна зьняць штучную палітызаванасьць, якая ніколі ні да чога добрага не прыводзіла. Сёньня пра Курапаты можна гаварыць як аб вялікіх могілках нацыянальнага маштабу, дзе спачываюць такія ж людзі, якія гінулі і ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомлі, Магілёве, Мазыры, Воршы, Слуцку, Чэрвені», — казаў Сергеенка.

Ігар Сергеенка
Ігар Сергеенка

Супраць Каліноўскага і лацінкі

У сьнежні 2019 году Ігар Сергеенка стаў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта, на гэтай пасадзе зьмяніўшы Натальлю Качанаву. У 2020 годзе Сергеенка быў сярод тых чыноўнікаў, хто дакладаў Лукашэнку пра сытуацыю з выбарамі і каранавірусам. Менавіта Сергеенка ў той час адказваў за кадравую палітыку і рабіў прапановы Лукашэнку аб новых прызначэньнях.

У 2021-2022 гадах Ігар Сергеенка быў куратарам пытаньняў зьменаў у Канстытуцыю і правядзеньня рэфэрэндуму. Менавіта ён агучваў тыя ці іншыя прапановы.

У траўні 2023 году Ігар Сергеенка выступіў з заявай, што ня лічыць нацыянальнымі героямі Беларусі Тадэвуша Касьцюшку і Кастуся Каліноўскага.

«Прыклад таму — створаны ў савецкай гістарыяграфіі міт пра Каліноўскага. Мы ўбачылі на свае вочы, як небясьпечна скажаць факты ці хаваць частку праўды. Савецкае пакаленьне вырасла на прыкладзе гераічнай барацьбы рэвалюцыянэра Каліноўскага з царызмам. А сёньня на асобе гэтага так званага героя, на прыкладзе яго барацьбы за ідэю аднаўленьня польскай Рэчы Паспалітай гуляе вонкавы вораг, спрабуючы ўбіць клін паміж брацкімі народамі, раскалоць грамадзтва ўнутры адной краіны», — казаў ён.

У верасьні 2023 году менавіта Сергеенка агучыў рашэньне ўладаў прыбраць беларускую лацінку з геаграфічных паказальнікаў. Ён спасылаўся на звароты «неабыякавых грамадзян, якія ўбачылі ў гэтым навязваньне заходніх лібэральных каштоўнасьцяў».

Дачка — актывістка БРСМ

Ганна Сергеенка — дачка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Сергеенкі. Дзяўчына два гады таму скончыла школу, а цяпер паступіла на юрыдычны факультэт БДУ. Вучыцца на другім курсе. Дзяўчына актыўнічае ў БРСМ, носіць на адзеньні чырвона-зялёны сьцяжок, хадзіла на запіс перадачы да Рыгора Азаронка.

Жонка Алена цяпер на пэнсіі, а раней працавала рэнтгенлябарантам у анкалягічным цэнтры.

Ад 2020 году Ігар Сергеенка знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, Швайцарыі і Канады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG