Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча забараніла вываз некаторых аўтамабіляў у Беларусь, кіроўцы на пераходзе ў Тарэспалі гавораць пра каляпс


Аўтамабілі. Ілюстрацыйнае фота
Аўтамабілі. Ілюстрацыйнае фота

З 23 сакавіка на адзіным дзейным памежным пераходзе з Польшчай пачала дзейнічаць новая забарона на вываз транзытам у Беларусь аўтамабіляў з рабочым аб'ёмам рухавіка 1,9 л і вышэйшым, нават калі яны едуць транзытам, піша Office Life.

Акрамя забароны Польшчы на вываз некаторых аўтамабіляў у Беларусь, польскі бок не дае таксама экспартных дэклярацый і не прапускае аўтамабілі зь нямецкімі і іншымі дэклярацыямі і ўсе машыны з транзытнымі нумарамі. Пра гэта выданьню Office Life расказалі кіроўцы, якія захрасьлі на мяжы.

У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі журналісту «Люстэрка» як фізычнай асобе заявілі, што чулі пра гэтыя абмежаваньні, але ўдакладнілі, што афіцыйных апавяшчэньняў ад польскага боку не атрымлівалі. У пасольстве Польшчы ў Менску таксама не змаглі пракамэнтаваць гэтае пытаньне.

Пазьней Мытны камітэт Беларусі зьвярнуў увагу вадзіцеляў на абмежаваньні, уведзеныя Польшчай пры перасячэньні мяжы.

Адзначаецца, што абмежаваньні датычацца аўтамабіляў эўрапейскіх марак з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра, якія «прызначаны для экспарту ў Беларусь і Расею». Такія аўтамабілі польскія службы не прапускаюць празь мяжу.

Са спасылкай на шэраг СМІ камітэт паведаміў, што «па папярэдняй інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, поўнае блякаванне ўсіх машын з маторам 1,9 літра і вышэй працягнецца да 1 красавіка».

«Польскія мытнікі разгортваюць аўто, якія падпадаюць пад пэўныя крытэрыі, уладальнікі якіх не могуць даказаць, што транспартныя сродкі рухаюцца транзытам і ня будуць прададзены ў Беларусі і Расеі», — заявілі ў ведамстве.

Вядома. што забарона распаўсюджваецца на аўтамабілі BMW, Volkswagen, Audi, Seat, Škoda і інш. Уласьнікі аўтамабіляў гэтых марак павінны падаць на мытні дакумэнт ад вытворцы, які пацьвярджае права на экспарт машыны за межы Эўразьвязу. У ім павінна быць указана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, і што ўгода не выклікае асьцярогі наконт магчымага абыходу міжнародных санкцый. Акрамя таго, вытворца павінен пацьвердзіць, што ведае канчатковага ўласьніка аўтамабіля і ўпэўнены, што машына будзе перамяшчацца транзытам праз тэрыторыю Беларусі або Расеі ў трэцюю дзяржаву і ў час транзыту ня будзе перапрададзеная. Таксама ўласьнік аўтамабіля павінен падпісаць заяву аб тым, што яму вядома аб адказнасьці за фальсыфікацыю пададзеных зьвестак.

Польскія ўлады ў абгрунтаваньне сваіх дзеяньняў спасылаюцца на артыкул 3h рэглямэнту Рады Эўразьвязу № 833/2014. Гэтым артыкулам устаноўлена забарона прадаваць, пастаўляць, перадаваць або экспартаваць прама або ўскосна прадметы раскошы любой фізычнай або юрыдычнай асобе, арганізацыі або органу ў Расеі або для выкарыстаньня ў Расеі, а таксама аказваць любыя паслугі, зьвязаныя з такімі пастаўкамі.

Нядаўна набылі моц папраўкі ў гэты дакумэнт, унесеныя Рэглямэнтам Рады ЭЗ № 2024/745 ад 23 лютага ў рамках 13-га пакета санкцый.

Такім чынам, польскія ўлады спрабуюць перакрыць адну з асноўных схем абыходу санкцый, якая дазваляе расейскім і беларускім кампаніям атрымліваць практычна любыя падсанкцыйныя тавары, увозячы іх праз тэрыторыю Беларусі і Расеі пад выглядам транзыту. Цяпер для спыненьня падобных схем палякі задзейнічалі мэханізм, падобны да практыкі, якая некалі існавала ў Беларусі, якая абавязвала субʼектаў гаспадараньня адказваць за добрасумленнасьць сваіх контрагентаў у адпаведнасьці з указам ад 23.10.2012 г. № 488.

За парушэньне або невыкананьне польскага закону аб санкцыях, прынятага ў красавіку 2022 году, прадугледжаны сурʼёзныя пакараньні: ад канфіскацыі тавараў, якія зьяўляюцца прадметам правапарушэньня, да турэмнага зьняволеньня парушальнікаў на тэрмін, ня меншы за 3 гады.

Кампанія Dasmotors, якая займаецца продажам аўтамабіляў з Эўропы з дастаўкай у Беларусь, разьмясьціла ў сацсетках паведамленьне, што Польшча з 23 сакавіка не прапускае праз беларускую мяжу аўтамабілі аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, а таксама тыя, якія каштуюць больш за 50 тысяч эўра (незалежна ад абʼёму рухавіка). Як сьцьвярджае фірма, гэтае абмежаваньне тычыцца аўта, якія рухаюцца ў ЭАЭС.

«Проста на мяжы каляпс, увесь пераход Тарэспаль забіты машынамі», — паведамляе Dasmotors.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG