Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік факультэту Генштабу Ўзброеных Сіл Беларусі прызнаў: у краіну на навуковыя канфэрэнцыі запрашаюць удзельнікаў вайны супраць Украіны


Ігар Дземідзенка, архіўнае фота
Ігар Дземідзенка, архіўнае фота

Такую заяву высокапастаўлены вайсковец зрабіў перад сваёй адстаўкай з пасады. Аднак пра адстаўку ў час інтэрвію ён яшчэ ня ведаў.

Факультэт Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі ў сваёй працы «ня можа ня ўлічваць досьвед апошніх узброеных канфліктаў і лякальных войнаў», заявіў у этэры тэлекампаніі Міністэрства абароны «ВаенТВ», на які спасылаецца «Позірк», начальнік факультэту Ігар Дземідзенка.

«Праводзім вайскова-навуковыя канфэрэнцыі ў сябе на факультэце, запрашаем непасрэдна ўдзельнікаў „спэцыяльнай ваеннай апэрацыі“ з Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі і абменьваемся досьведам», — сказаў Дземідзенка.

Паводле яго слоў, «вялікую дапамогу» ў навучаньні на факультэце аказваюць «структурныя падразьдзяленьні Міністэрства абароны і Генэральнага штабу».

«Ужо гістарычна так заведзена, што пэўны курс заняткаў з намі праводзяць начальнікі структурных падразьдзелаў, пачынаючы зь міністра абароны і начальніка Генштабу. Мы не губляем сувязяў з практыкай», — адзначыў вайсковец.

Ён таксама паведаміў, што на факультэце навучаюцца «і вайскоўцы іншых дзяржаў».

«З часу заснаваньня ў нас навучаліся прадстаўнікі Казахстану, Азэрбайджану, Туркмэністану, Кітаю, факультэт апраўдаў сябе і эканамічна, і палітычна і, вядома ж, у ваеннай сфэры», — падкрэсьліў Дземідзенка.

Інтэрвію запісалі 15 сакавіка, паказалі на ютуб-канале тэлекампаніі 24 сакавіка.

21 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб звальненьні генэрал-маёра Дземідзенкі з пасады начальніка факультэту Генштаба УС — намесьніка начальніка Вайсковай акадэміі. Згодна з дакумэнтам, ён прыкамандзіраваны да Дзяржаўнага сакратарыяту Савету бясьпекі «з пакіданьнем яго ў кадрах Міністэрства абароны».

Факультэт Генэральнага штабу УС адкрыты ў 2006 годзе на базе Вайсковай акадэміі. Рыхтуе камандзіраў вайсковых злучэньняў і відаў войскаў, кіраўнікоў управаў цэнтральнага апарату Міністэрства абароны і Генштабу.

Тэрмінам «Спэцыяльная ваенная апэрацыя» ўлады ў Маскве і Менску называюць паўнамаштабную вайну супраць Украіны, разьвязаную расейцамі ў лютым 2022 году, калі яны напалі на ўкраінскія землі ў тым ліку з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Афіцыйны Менск падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне, на тэрыторыі якой праходзіць найбуйнейшы ваенны канфлікт у Эўропе з часоў ІІ усясьветнай вайны. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі галасуюць на карысьць Расеі на міжнародных пляцоўках, а прапаганда рэгулярна крытыкуе Ўкраіну. Унутры Беларусі затрымліваюць за любыя праявы салідарнасьці з Украінай.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG