23 сакавіка ў Празе прайшла трэцяя Канфэрэнцыя беларусаў і беларусак сьвету. Яе ініцыятарамі сталі Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы, Аб’яднаны Пераходны Кабінэт і Народныя амбасады.
Мэтай сустрэчы было сабраць арганізацыі і супольнасьці беларускай дыяспары, каб абмеркаваць іх актуальныя праблемы, задачы і спосабы вырашэньня праблем. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за сто беларусаў з 21 краіны.
Канфэрэнцыю ўрачыста адкрыла Сьвятлана Ціханоўская. Яна выказала падзяку прымаючаму боку, арганізатарам і ўдзельнікам, асабліва тым, хто прыехаў здалёк. Яна адзначыла, што цяпер існуе вялікая спакуса вярнуцца да спакойнага, разьмеранага жыцьця, але «калі рухацца ў плыні рутыны, мы рызыкуем згубіць ня толькі сваю краіну, сваіх людзей, але і саміх сябе».
«Задача беларусаў замежжа — ня проста суперажываць беларусам, якія змагаюцца ўнутры краіны, а аказваць ім рэальную дапамогу і адстойваць беларускія інтарэсы за мяжой, падтрымліваць сем’і палітзьняволеных, клапаціцца пра тых, хто зазнаў перасьлед, застаўся бяз працы і бяз дому, лябіяваць пытаньні візаў і міжнароднай дапамогі, дамагацца прыцягненьня рэжыму да адказнасьці. Безумоўна, дапамагаць Украіне і набліжаць яе перамогу, бо лёсы нашых краін наўпрост узаемазьвязаныя», — прамовіла Ціханоўская.
«Тэма беларускіх палітзьняволеных ператвараецца з трагедыі ў статыстыку». Якія мэты ставяць дыяспары на 2025 год
У першай частцы сустрэчы ўдзельнікі абмяркоўвалі стратэгію і разьвіцьцё беларускай дэмакратычнай супольнасьці ў 2024–2025 гадах. Пачаў канфэрэнцыю кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) і намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка, які, між іншым, закрануў тэму выбараў у Каардынацыйную Раду (КР), як «першы шанец беларусам выбраць свой прадстаўнічы орган». Таксама ён выказаў прапанову прызначыць дзень галасаваньня адначасова з выбарамі ў Эўрапарлямэнт, а яшчэ пракамэнтаваў адсутнасьць на мерапрыемстве сьпікера КР Андрэя Ягорава, назваўшы гэта «палітычным жэстам супраць нас».
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў сваёй прамове адзначыў, што за апошнія гады беларусы намагаліся ўзмацняць створаныя дэмакратычныя інстытуты. Ён дадаў, што гэта варта працягваць рабіць, бо 2025 год мусіць прынесьці новы імпульс для беларусаў.
Аляксандра Мамаева, каардынатарка Народных Амбасадаў Беларусі, вызначыла галоўныя напрамкі дзейнасьці: дапамога беларусам унутры і за мяжой, захаваньне і разьвіцьцё беларускасьці, падрыхтоўка перад магчымымі значнымі падзеямі ў сьвеце, і прапанавала стварыць сетку «беларускіх дамоў», якія маглі б гэтым займацца.
Павал Кухта, кіраўнік мабілізацыйнага цэнтру Палка Кастуся Каліноўскага, бачыць стратэгію беларусаў у перамозе Ўкраіны. Для гэтага палітычнае крыло ПКК гатовае размаўляць з усімі ініцыятывамі і сіламі. Таксама ён праанансаваў праект «Народны дрон», мэта якога — пачаць уласную вытворчасьць дронаў для розных баявых і ня толькі задач ва Ўкраіне. Паводле Паўла, ініцыятыва мае распрацоўнікаў, але шукае фінансаваньне, таму спадзяецца на дапамогу дыяспараў.
Удзельнікі дыскусіі пагадзіліся з тым, што перамога Ўкраіны застаецца і беларускай стратэгіяй. Латушка нагадаў пра важнасьць падтрымкі санкцыйнага рэжыму, бо ў іншым выпадку, на яго думку, тавары падвойнага прызначэньня пойдуць у Расею на вытворчасьць зброі. Вячорка дадаў, што важнымі тэмамі зьяўляюцца санкцыі і вываз украінскіх дзяцей у Беларусь. А вось тэма беларускіх палітзьняволеных, паводле яго, «ператвараецца з трагедыі ў статыстыку, і гэта жах».
«Нават пасьля сьмерці Аляксея Навальнага ўсё вярнулася ў рутыну. Таму трэба цяпер прайсьці болей перашкодаў, каб атрымаць дапамогу», — падкрэсьліў Франак Вячорка.
Сваё меркаваньне з залі выказаў і Анатоль Лябедзька, які зьвярнуў увагу на праблемы звычайных беларусаў:
«Ці ведаеце вы, што абмяркоўваюць на рынку ў Жабінцы, ці ў смаргонскім аўтобусе? Ці могуць тыя людзі сабрацца і абмеркаваць стратэгію? Не, і гэта наша адказнасьць. Нам трэба сфармаваць новую Беларусь і зразумець, як яе прасоўваць у Жабінку і Смаргоні».
Сярод іншых, паўстала пытаньне бачаньня палітычнай сытуацыі Беларусі ў 2025 годзе. Паводле сяброўкі міжнароднай камісіі КР Розы Турарбекавай, спачатку мусяць прайсьці выбары ў Раду, каб можна было выпрацаваць стратэгію яе новага складу. Наконт ролі Сьвятланы Ціханоўскай, экспэртка кажа, што беларусы ня мелі магчымасьці назіраць за рэалізацыяй яе прэзыдэнцкай праграмы ў рэальнасьці, бо яна, у тым ліку, у міжнароднай супольнасьці зьяўляецца толькі «абранай прэзыдэнткай». Таму і няма праблемы ў захаваньні яе функцыі і пасьля 2025 году. Турарбекава нагадала, што менавіта Ціханоўская зьяўляецца адзінай асобай, якая атрымала такі мандат у 2020 годзе.
З гэтым пагадзіўся і Франак Вячорка, што выклікала ўсьмешку ўдзельнікаў дыскусіі:
«Але трэба ўдасканальваць і зьмяняць структуры. Мандат працягваецца, пакуль [Сьвятлана Ціханоўская] ня ўступіць на пасаду і ня выканае свае абавязкі — правесьці новыя выбары», падкрэсьліў Вячорка.
«Я не хачу бачыць у беларускіх суседзях „рускіх са знакам якасьці“». Якая пэрспэктыва ў беларуска-ўкраінскіх адносінах?
Другой, ня менш істотнай тэмай, была роля беларусаў замежжа ў беларуска-ўкраінскіх адносінах. Першым з прамовай выступіў амбасадар Украіны ў асаблівых даручэньнях у Беларусі Ігар Кізім, які прысутнічаў на канфэрэнцыі онлайн. Ён заявіў, што стратэгічным інтарэсам Украіны зьяўляецца суседняя дэмакратычная Беларусь. Важна, каб рашэньні, якія прымаюцца кіраўніцтвам гэтай краіны, былі зразумелымі і адпавядалі інтарэсам яе самой, і краінаў рэгіёну.
«Для Ўкраіны было б прасьцей, каб у вас існавала еднасьць, простасьць у камунікацыі. Але ў мяне склалася ўражаньне, што нам трэба доўга працаваць з кожнай зь [беларускіх дэмакратычных] структур. З іншага боку, гэта сфармулявала ў мяне канкрэтную пазыцыю, што нам ня трэба чакаць цэнтру аб’яднаньня. Усе вы розныя, але ў нас адна мэта: дапамагчы Ўкраіне перамагчы Расею і дэмакратызаваць Беларусь, каб не паўтарыць таго, што сталася ў 2022 годзе».
Кізім адзначыў, што параза Расеі наблізіць Беларусі да пераменаў, але наўрад ці гэта адбудзецца аўтаматычна, бо цяперашняя ўлада «цэмэнтуе» свой рэжым і будзе вельмі няпроста выкарыстаць існуючыя інстытуты для дэмакратызацыі дзяржавы.
У дадатак, Ігар Кізім зьняпраўдзіў чуткі пра лябіяваньне Ўкраінай скарачэньня фінансаваньня беларускіх СМІ і запэўніў, што афіцыйны Кіеў не вядзе падвойнай гульні з рэжымам Лукашэнкі. Былы амбасадар Украіны ў Беларусі прыгадаў, як на пачатку паўнамаштабнай вайны вяліся перамовы ў Белавескай пушчы, але пасьля гэтага не было ніякіх перамоў кіраўніцтва краіны з Лукашэнкам.
«Адносіны зь ім — гэта мінулае, давайце думаць пра цяперашні час», падсумаваў Кізім.
«Слоган „Жыве Беларусь!“ абсалютна не запярэчвае слогану „Слава Ўкраіне“. І мы мусім рабіць усё, каб яны аб’ядноўваліся. Разам яны будуць гучаць мацней», — так пачаў сваю прамову беларуска-ўкраінскі назіральнік Яўген Магда.
Паводле яго, Беларусь і Ўкраіна — апошнія краіны Эўропы, якія завяршаюць працэс фармаваньня сваіх палітычных нацый, але кожная павінна ісьці сваім шляхам, «не вучыць адна адну жыцьцю», але гаварыць пра цяжкасьці адкрыта.
«Наша галоўная праблема, што пасьля абвяшчэньня незалежнасьці мы глядзелі адзін на аднаго як у байцы „Сьнежная каралева“ глядзеў Кай — скрозь сьняжынку расейскай прапаганды».
Магда адзначыў, што беларуска-ўкраінскія адносіны павінны прасоўваць агульны наратыў, які бы даводзіў агульныя эўрапейскія каштоўнасьці, у тым ліку, антыкаляніяльнага характару, бо гэта ўплывае і на беларусаў, і нават на ўкраінцаў, якія там жывуць.
«Я не хачу бачыць у беларускіх суседзях „рускіх са знакам якасьці“. Я хачу бачыць у іх грамадзян пасьпяховай краіны. Я заўсёды зыходжу з таго, што добры сусед можа быць лепшым за далёкага сваяка. Пра дыяспары: былы парлямэнтарый Алег Валошын і ягоная жонка Надзея Сас [мае аўтарскую палітычную праграму ў фармаце ток-шоў на тэлеканале СТБ — заўв. РС.], якая працуе на беларускай тэлевізіі — гэта таксама ўкраінская дыяспара, як і „бэркутаўцы“, якія пераехалі ў Беларусь. То бок нельга ўсіх абагульняць, усё залежыць ад таго, што мы робім. Для мяне беларуская дыяспара — спосаб дагрукацца да тых, хто жыве на Радзіме, бо яны з 2022 году перабываюць пад асаблівым цяжарам беларускай і расейскай прапаганды».
Таксама Яўген Магда падзяліўся сваім прагнозам:
«Ня выключана, што ў траўні Ўкраіна разарве дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю. Я пра гэта кажу як экспэрт, бо калі ў Растове-на-Доне адкрыюць беларускае консульства, якое будзе пакрываць акупаваныя тэрыторыі, то Ўкраіна гэтага цярпець ня будзе».
Беларускія ўдзельнікі размовы зьвярнулі ўвагу на рэальныя, але вырашальныя праблемы, зь якімі сутыкаюцца штодзённа. Гэта і прызнаньне дыплёмаў беларускіх дактароў, якія хочуць працаваць ва Ўкраіне, і дапамога валянтэрскім ініцыятывам, якія сутыкаюцца зь цяжкасьцямі ў банкаўскіх апэрацыях з рахункамі беларусаў. Асаблівую ўвагу зьвярнулі на рэабілітацыю і падтрымку вэтэранаў. Паводле BySol, празь неабходнасьць захаваньня ананімнасьці зборы для ваяроў недабіраюць 10-15% патрэбнай сумы. Да таго ж, у дыяспары няма канкрэтнай арганізацыі, куды вэтэраны могуць зьвярнуцца па дапамогу.
«Можна выбіваць месцы ў санаторыях ці месцах рэабілітацыі. Дадаткова, калі яны выяжджаюць з Украіны, то дадаюцца яшчэ пытаньні працы і легалізацыі», прапанавала каардынатарка дапамогі беларускім добраахвотнікам ва Украіне ў фондзе BySol Маша Анімія.
«Усе нешта хочуць, а грошай не даюць». Што можна рабіць проста цяпер?
Трэцяя панэль была больш канкрэтнай. Яна пачалася з прадстаўленьня праектаў, якія дапамагаюць цяперашнім і былым палітзьняволеным у Беларусі. Сярод іх дапамога ад ініцыятывы «Вольныя» ў адаптацыі пасьля вызваленьня, Служба хуткай гуманітарнай дапамогі і паездкі на адпачынак для дзяцей палітвязьняў.
Асобна Вольга Зазулінская, кіраўніца фонду «Краіна для жыцьця» праанансавала онлайн-эстафэту ў падтрымку Беларусі «Голас празь межы», што можна лічыць працягам леташняга маратону салідарнасьці.
Абмеркавалі і пытаньне беларусаў за мяжой. Прадстаўнікі ініцыятываў з Чэхіі, Польшчы і Швэцыі падзяліліся пазытыўным досьведам, калі ў гэтых краінах атрымалася ўвесьці зьмены, датычныя дакумэнтаў для беларусаў.
А намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі распавёў, што прыярытэтнай тэмай застаецца «пашпарт Новай Беларусі», і менавіта дыяспары могуць дапамагчы ў кансультацыях з нацыянальнымі ўрадамі. Паводле яго, ужо ёсьць дамоўленасьць з Паўлам Ліберам аб правядзеньні «перапісу» беларусаў сьвету, каб ацаніць, колькі зь іх маюць патрэбу ў гэтым дакумэнце. У Літве ўжо створаная юрыдычная асоба як орган выдачы дакумэнтаў, і для ягонай працы плянуецца аб’явіць збор сродкаў:
«Мы не гаворым пра значныя для кожнага ахвяраваньні — 5 эўра будзе дастаткова. Мы зыходзім з масавасьці запыту на пашпарт. Гэта дзясяткі і, магчыма, сотні тысяч людзей».
У частцы, датычнай культуры і нацыянальнага адраджэньня, вядоўца Сяргей Падсасонны нечакана запрасіў на сцэну яшчэ аднаго прамоўцу — першага намесьніка Старшыні Рады БНР Сяргея Навумчыка. Той распавёў, што ў часы развалу СССР Беларусь мела найлепшыя перадумовы для разьвіцьця сярод суседзяў: эканамічныя, геаграфічныя, інфраструктурныя ды іншыя. Але не хапала менавіта нацыянальнай сьвядомасьці, што і прывяло да вынікаў выбараў 1994 году.
Іншыя ўдзельнікі бачаць выклікі ў працяглай русыфікацыі ўнутры Беларусі і падтрымцы культурніцкіх ініцыятываў за мяжой. Як і ў выпадку з іншымі напрамкамі, каардынатарка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая прапанавала: «Можа ўжо той момант, калі мы можам стварыць уласны праект, уласны „Вулей?“»
Апошняй тэмай абмеркаваньня было фінансаваньне ініцыятываў. Сярод выступоўцаў — сузаснавальнік плятформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павел Лібер, якога ў суботу згадвалі бадай найчасьцей:
«Я адчуў сябе сёньня Ціханоўскай: усе нешта хочуць, а грошай не даюць», — пажартаваў ён.
А ці сапраўды ня так ахвотна ўжо даюць грошы? «І так, і не», — адказвае дырэктарка Free Belarus Center Паліна Бродзік.
«Так, Беларусь не выглядае як месца, дзе схаваная „сьмерць кашчэева“. І, безумоўна, донары хочуць даваць фінансаваньне тым, хто ставіць канкрэтныя мэты. Але столькі разоў казалі пра скарачэньне, у рэчаіснасьці гэта выглядае трошку інакш. Нас ня будуць любіць проста так, трэба даказаць. І мы гэта можам».
Дзень сустрэчы дыяспараў скончыўся прамовай Сьвятланы Ціханоўскай. Тым разам яна падзялілася з заляй пытаньнямі, якія беларусы дасылаюць штодня: «Як дапамагчы беларускім пэнсіянэрам у Польшчы? Чаму вы столькі езьдзіце і не вырашаеце праблемаў беларусаў? Чаму вы ня езьдзіце і не вырашаеце праблемаў Беларусі? Як адправіць на адпачынак дзіця палітзьняволенага, у якога няма дазволу на выезд? Чаму вы не звальняеце Франака? Калі на Netflix зьявяцца беларускія субтытры?»
«Я магу працягнуць гэты сьпіс да бясконцасьці. У нас з вамі гіганцкі фронт працы. Шмат задач, усё важнае і ўсё патрабуе вырашэньня», — завяршыла канфэрэнцыю Ціханоўская, — «Дзякуй вам усім, што дапамагаеце мне быць моцнай і дапамагаеце быць моцнымі адно аднаму. Разам мы ўсё зробім!»