Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэчу зь пісьменьнікам Арловым у Вільні, якую скасавалі праз пагрозы, вырашылі правесьці ў іншым месцы


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Сустрэча зь беларускім пісьменьнікам Уладзімерам Арловым у Вільні ўсё ж адбудзецца, аднак у іншы час і ў іншым месцы, паведаміў тэлеграм-канал «Беларуская афіша».

Першапачаткова імпрэзу плянавалі правесьці 22 сакавіка ў Музэі імя Івана Луцкевіча ў Вільні ў 18:30, аднак у выніку яе вырашылі перанесьці ў іншае месца зь меркаваньняў бясьпекі. Сустрэча адбудзецца а 19:00 у віленскім Замку (Naujoji Riovoniu, 10), дата не зьмянілася, 22 сакавіка.

Раней сустрэчу адмянілі пасьля таго, як літоўскі блогер Жыльвінас Сьвітоюс зрабіў допіс у фэйсбуку, у якім назваў Арлова «ідэолягам літвінізму». Гэты пост атрымаў шмат увагі і камэнтароў з пагрозамі.

«Мы ня можам ні гарантаваць бясьпеку Арлова, ні нашу», — заявіў Цэнтар беларускай культуры і супольнасьці ў Вільні.

Таксама арганізатары падкрэсьлілі, што беларусам відавочна, што Арлоў не зьяўляецца чалавекам, які нясе нейкую пагрозу сувэрэнітэту Літвы.

Раней сустрэчу з Арловым сарвалі ў Коўне ў Цэнтры культуры розных народаў, аднак яе ўдалося зладзіць у Інстытуце ВКЛ пры мясцовым унівэрсытэце.

Уладзімер Арлоў — вядомы беларускі пісьменьнік, папулярызатар айчыннай гісторыі. За апошнія два гады фонд Kamunikat.org выдаў у Беластоку больш як 10 кніг Уладзімера Арлова. З прэзэнтацыяй гэтых кніг аўтар наведаў амаль 20 гарадоў у Польшчы, Нямеччыне, Італіі і Літве.

Напярэдадні спэцслужбы Літвы заявілі, што ў краіне «няма арганізаваных груп, што прапагандуюць ідэалёгію літвінізму», якія маглі б «зьяўляцца пагрозу незалежнасьці, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны». З адпаведнай заявай Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы выступіў у сувязі з «павелічэньнем у апошнія тыдні колькасьці электронных лістоў, якія рассылаюць літоўскім палітыкам і грамадзкім дзеячам, з пагрозамі ад груп, якія нібыта прапагандуюць ідэалёгію літвінізму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG