Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Варшавы патрабавалі свабоды для Андрэя Гнёта, які ўжо 5 месяцаў у сэрбскай турме


Беларусы арганізавалі пікет з заклікам да сэрбскіх ўладаў аб вызваленьні беларускага рэжысэра і палітычнага актывіста Андрэя Гнёта. Варшава, Польшча. 21 сакавіка, 2024 году
Беларусы арганізавалі пікет з заклікам да сэрбскіх ўладаў аб вызваленьні беларускага рэжысэра і палітычнага актывіста Андрэя Гнёта. Варшава, Польшча. 21 сакавіка, 2024 году

21 сакавіка ў Варшаве каля амбасады Сэрбіі адбыўся пікет беларускіх дэмакратычных актывістаў, якія патрабавалі, каб сэрбскія ўлады вызвалілі беларускага рэжысэра і палітычнага актывіста Андрэя Гнёта.

Беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта ўжо пяты месяц утрымліваюць у сэрбскай турме.

Да амбасады Сэрбіі ў Варшаве на алею Руж прыйшлі каля трох дзясяткаў грамадзкіх актывістаў. Яны трымалі плякаты «Не — экстрадыцыі!», «Свабоду Андрэю Гнёту» на сэрбскай і беларускай мовах.

На пікеце выступіў кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка.

Павал Латушка
Павал Латушка

«Беларускі рэжысэр Андрэй Гнёт утрымліваецца ў сэрбскай вязьніцы. Сэрбія — краіна, якая крочыць да дэмакратыі, якая на шляху да сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе. Я думаю, гэта ня будзе выбоінай на дарозе, па якой ідзе сэрбскі народ. Бо калі Сэрбія сапраўды імкнецца да дэмакратыі, яна павінна зразумець, што сёньня ў Беларусі катуюць, зьневажаюць беларускі народ, у вязьніцах трымаюць тысячы людзей. Як мінімум ужо пяць палітзьняволеных памерлі ў вязьніцах Лукашэнкі. Мы павінны змагацца за кожнага беларуса, які знаходзіцца ў турмах. Андрэй Гнёт, на жаль, знаходзіцца ў эўрапейскай турме — у Сэрбіі. Мы будзем за яго змагацца», — кажа Павал Латушка.

Ксёндз Вячаслаў Барок у сваёй прамове адзначыў, што Андрэй Гнёт — не тавар, а чалавек, і ня трэба ім гандляваць.

Ксёндз Вячаслаў Барок
Ксёндз Вячаслаў Барок

«Я зьвяртаюся да ўладаў Сэрбіі — каб яны абыходзіліся з Андрэем Гнётам як з чалавекам, які мае гонар і годнасьць і мае правы. Улады Сэрбіі павінны кіравацца законам, і іх абавязак — вызваліць беларускага рэжысэра».

Удзельнікі пікету скандавалі па-беларуску і па-сэрбску: «Свабоду Андрэю Гнёту!». Зладзіла акцыю беларуская арганізацыя «Рух».

Гэта ўжо другі пікет каля амбасады Сэрбіі ў Варшаве, які праводзяць беларусы. У сеціве можна падпісаць пэтыцыю за вызваленьне Гнёта.

  • Андрэя Гнёта арыштавалі ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі.
  • Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах сьледам за прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году.
  • У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
  • 12 сакавіка рашэньне аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь было адменена апэляцыйным судом у Сэрбіі — нібыта ня ўсе акалічнасьці, на падставе якіх было вынесенае рашэньне аб экстрадыцыі, былі дасьледаваныя.
  • Пры гэтым суд працягнуў тэрмін утрыманьня Андрэя пад вартай яшчэ на 60 дзён.
  • Новыя слуханьні па справе Андрэя Гнёта прызначаныя на 26 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG