Міністэрства ўнутраных спраў зацьвердзіла інструкцыю ў разьліку і пакрыцьці асуджанымі выдаткаў на іх утрыманьне ў папраўчых установах адкрытага тыпу (так званая «хімія»), лячэбна-працоўных прафілякторыях (ЛПП), а таксама «грамадзянамі, якія прыбылі да іх на спатканьне, за пражываньне ў пакоях працяглых спатканьняў».
Пастанова за подпісам кіраўніка МУС Івана Кубракова апублікаваная 21 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Позірк».
Дакумэнт прадугледжвае, што расходы «па ўтрыманьні асуджаных за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ажыцьцяўляюцца ў частцы аплаты камунальных паслуг, якія спажываюцца асуджанымі», а таксама «пры адсутнасьці ў асуджаных уласных сродкаў у частцы аплаты іх харчаваньня».
Згодна з пастановай, «штомесяц асуджанымі», зыходзячы з фактычнага спажываньня, «кампэнсуецца кошт камунальных паслуг», такіх як «гарачае і халоднае водазабесьпячэньне, водаадвядзеньне (каналізацыя), газа-, электра-, цеплазабесьпячэньне будынкаў, збудаваньняў і памяшканьняў установы (акрамя будынкаў, збудаваньняў і памяшканьняў адміністрацыі ўстановы), абыходжаньне зь цьвёрдымі камунальнымі адходамі».
«Кошт камунальных паслуг на аднаго асуджанага ў месяц вызначаецца шляхам памнажэньня сярэдняга кошту камунальных паслуг на аднаго чалавека за суткі на колькасьць каляндарных дзён яго знаходжаньня ва ўстанове з моманту пастаноўкі на ўлік у справаздачным месяцы», — гаворыцца ў дакумэнце.
Расходы на харчаваньне асуджаныя аплачваюць, «зыходзячы з фактычна праведзеных расходаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, па арганізацыі харчаваньня асуджаных пры адсутнасьці ў іх уласных сродкаў», «шляхам безнаяўных пераводаў».
Адзначаецца, што «пры некампэнсацыі ў названы тэрмін кошт харчаваньня спаганяецца ў прымусовым парадку ў адпаведнасьці з заканадаўствам».
Таксама ў разьлік выдаткаў на пражываньне ўключаецца «заработная плата абслуговага пэрсаналу, мыцьцё камплекту бялізны, набыцьцё асобных прадметаў у складзе абаротных актываў, мыйныя сродкі і іншае, бягучы рамонт, фактычныя выдаткі мінулага справаздачнага пэрыяду (года), кошт капітальнага рамонту, камунальныя паслугі».
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах