Урад Беларусі перагледзеў стаўкі ўтылізацыйнага збору да транспартных сродкаў. Адпаведны дакумэнт, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, прааналізавала «Люстэрка».
Згодна зь ім, стаўкі ўтылізацыйнага збору вызначаныя для транспартных сродкаў дзьвюх катэгорый: да 3 гадоў уключна і больш за 3 гады. Раней стаўкі вызначаліся для транспартных сродкаў з даты выпуску якіх прайшло менш за 3 гады, ад 3 да 7 гадоў і больш за 7 гадоў.
Стаўкі ўтыльзбору для транспартных сродкаў катэгорыі М1 (М1G) з электрарухавікамі, у тым ліку з гібрыднымі сілавымі ўстаноўкамі пасьлядоўнага тыпу пакінуты на ранейшым узроўні: 544,5 рубля для аўтамабіля да 3 гадоў уключна і 816,7 рубля — больш за 3 гады.
Аналягічныя стаўкі, як і раней, будуць дзейнічаць пры ўвозе транспартных сродкаў катэгорыі М1 (М1G) фізычнымі асобамі для асабістага карыстаньня незалежна ад працоўнага аб’ёму рухавіка.
Стаўкі сурʼёзна зьмяніліся для юрыдычных асоб — у некаторых выпадках яны вырасьлі ў 2-3 разы.
Стаўкі таксама сурʼёзна зьмяніліся і для ўсіх астатніх катэгорый, пачынаючы ад грузавікоў і заканчваючы прычэпамі, бульдозэрамі і сельгастэхнікай.
Пастанова набывае моц праз 10 дзён пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня.