Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зацягваюць тэрміны, патрабуюць непатрэбныя дакумэнты: у Польшчы выявілі парушэньні пры выдачы дакумэнтаў іншаземцам


Ілюстрацыйнае фота. Упраўленьне па справах іншаземцаў у Польшчы
Ілюстрацыйнае фота. Упраўленьне па справах іншаземцаў у Польшчы

Вышэйшая кантрольная палата Польшчы правяла праверкі працы ваяводзкіх упраўленьняў, якія займаюцца выдачай дакумэнтаў замежнікам, і выявіла парушэньні ў 60% правераных кейсаў. На справаздачу зьвярнуў увагу Цэнтар беларускай салідарнасьці.

У асноўным парушэньні датычыліся бязьдзейнасьці чыноўнікаў, а таксама значнай працягласьці адміністрацыйных працэдур. У некаторых ваяводзтвах сярэдні тэрмін разгляду справаў склаў год, а ў Сілезскім ваяводзтве заяву замежніка на атрыманьне дазволу на жыхарства ў Польшчы разглядалі амаль 7 гадоў і 5 месяцаў.

Сярод іншых парушэньняў — патрабаваньне ад іншаземцаў падаць дакумэнты, якія ўжо былі ў ведамстве, або паўторна здаць дакумэнты, тэрмін дзеяньня якіх скончыўся з прычыны доўгага разгляду справы, або прадставіць дакумэнты, якія не былі неабходныя для разгляду справы.

У справаздачы па выніках праверак Вышэйшая кантрольная палата адзначыла, што польскія дзяржаўныя органы не спраўляюцца з плыньню іншаземцаў, якія прыбываюць у Польшчу, і назвала галоўнымі праблемамі ў існай сытуацыі вялікую цякучку кадраў, нізкія заробкі і высокую загрузку работнікаў ваяводзкіх упраўленьняў.

Таксама ведамства сфармулявала неабходныя крокі з боку ваяводзкіх упраўленьняў, неабходныя для выпраўленьня сытуацыі:

  • Прыняцьце мераў, накіраваных на своечасовае выкананьне задач у сфэры абслугоўваньня замежнікаў, шляхам забесьпячэньня дастатковай колькасьці штатных супрацоўнікаў для вядзеньня спраў і ўкараненьня эфэктыўных інструмэнтаў кантролю за своечасовасьцю выкананьня задач.
  • Забесьпячэньне магчымасьці падачы замежнікамі поўных заяваў і зьняцьця адбіткаў пальцаў у будынку кампэтэнтных органаў.
  • Рэгістрацыя заяваў на атрыманьне дазволу на жыхарства ў сыстэмах і рэгістрах у дзень падачы заяваў і завядзеньне адміністрацыйнай вытворчасьці ў той жа дзень.
  • Вышэйшая кантрольная палата Польшчы распачала праверкі пасьля адпаведных зваротаў кіраўніцы аддзелу прававой абароны Цэнтру беларускай салідарнасьці Вольгі Дабравольскай, у якіх яна падрабязна распавяла пра выяўленыя недахопы у працы ваяводзкіх упраўленьняў і папрасіла правесьці праверкі.
  • Пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і здушэньня распачатых пасьля іх масавых пратэстаў Польшча стала адным з найбольш папулярных кірункаў для беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Паводле апублікаваных у лютым 2024 году зьвестак аналітычнай плятформы Picodi.com, толькі за 2023 год у Польшчу пераехалі больш за 60 тысяч беларусаў.
  • Агульная колькасьць беларусаў у Польшчы за апошнія пяць гадоў вырасла ў 6,5 раза і цяпер ацэньваецца прыкладна ў 310 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG