Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАК заклікаў спартоўцаў і ўрады краін адмовіцца ад удзелу ў «палітызаваных» Гульнях дружбы ў Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У WADA заклікалі спартоўцаў «не легітымізаваць гэтую падзею, бо Агенцтва ня можа паручыцца за антыдопінгавую праграму, якая можа ня дзейнічаць».

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў, што так званыя Гульні дружбы, якія арганізоўвае Расея ў 2024-м і 2026 годзе, зьяўляюцца палітызаванымі і супярэчаць асноватворным прынцыпам Алімпійскай хартыі і рэзалюцыям Генасамблеі ААН.

«Гэта цынічная спроба Расейскай Фэдэрацыі палітызаваць спорт. Камісія атлетаў Міжнароднага алімпійскага камітэту, якая прадстаўляе ўсіх алімпійскіх спартоўцаў сьвету, выразна выступае супраць выкарыстаньня спартоўцаў у палітычнай прапагандзе. Камісія нават бачыць рызыку таго, што іх урады прымусяць спартоўцаў удзельнічаць у такім цалкам палітызаваным спартовым мерапрыемстве, што будзе выкарыстоўвацца ў рамках палітычнай прапагандысцкай кампаніі», — адзначаецца ў заяве МАК, абнародаванай на афіцыйным сайце.

Паводле інфармацыі МАК, першыя летнія Гульні дружбы плянуюць правесьці ў Маскве і Екацярынбургу ў верасьні 2024 году, а зімовыя — у Сочы ў 2026 годзе.

У заяве таксама адзначаецца, што расейскі ўрад таксама дэманструе поўную непавагу да сусьветных антыдопінгавых стандартаў і сумленнасьці спаборніцтваў. У дакумэнце нагадалі аб маніпуляцыях з антыдопінгавымі вынікамі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы ў 2014 годзе.

МАК паведаміў, што на мінулым тыдні Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) выказала сваю заклапочанасьць з нагоды плянаў Расеі правесьці ў верасьні 2024 году Гульні дружбы.

У арганізацыі нагадалі, што Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Расеі не адпавядае кодэксу WADA. Апроч таго, у Расеі цяпер няма ніводнай акрэдытаванай WADA лябараторыі, а агульны давер да антыдопінгавай сыстэмы ў Расеі застаецца нізкім.

У WADA таксама заклікалі спартоўцаў «не легітымізаваць гэтае мерапрыемства, паколькі Агенцтва ня можа паручыцца за антыдопінгавую праграму, якая можа ня дзейнічаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG