Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН даслалі ліст з заклікам падтрымаць падаўжэньне паўнамоцтваў спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі


Жэнэўскае прадстаўніцтва ААН
Жэнэўскае прадстаўніцтва ААН

Міжнародныя НДА зьвярнуліся да дзяржаў – удзельніц Рады правоў чалавека ААН з заклікам падтрымаць беларускія мэханізмы.

У сумесным лісьце, накіраваным 13 сакавіка, Фонд «Дом правоў чалавека» і некалькі міжнародных і беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасьці заклікалі дзяржавы, якія зьяўляюцца сябрамі Рады правоў чалавека пры ААН, падтрымаць падаўжэньне паўнамоцтваў спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі і стварэньне незалежнага мэханізму падсправаздачнасьці для прасоўваньня працы УВКПЧ у расьсьледаваньні сытуацыі ў Беларусі.

У лісьце асьвятляюцца парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, уключна з палітычна матываванымі рэпрэсіямі, перасьледам іншадумцаў і парушэньнямі ў дачыненьні тых, хто быў вымушаны ўцякаць, адзначае «Вясна».

Таксама аўтары тэксту падкрэсьліваюць неабходнасьць міжнароднага нагляду і падсправаздачнасьці, асабліва ў сьвятле высноў аб тым, што некаторыя парушэньні могуць быць прыраўнаваныя да злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Прапанаваны мэханізм пашырыць свой ахоп на няспынныя парушэньні і на пэрыяд да выбараў 2025 году, з павышэньнем незалежнасьці і асаблівых паўнамоцтваў у дачыненьні расьсьледаваньняў і справаздачнасьці. У лісьце падкрэсьліваецца вырашальная роля Рады правоў чалавека ААН у дакумэнтаваньні парушэньняў, узмацненьні пазыцый беларускай грамадзянскай супольнасьці і барацьбе зь беспакаранасьцю.

19 сакавіка ў швайцарскай Жэнэве адбудзецца разгляд беларускага пытаньня на 55-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу Жузэп Бурэль па выніках пасяджэньні Эўрапейскай рады 18 сакавіка заявіў, што Беларусь застаецца сярод прыярытэтаў ЭЗ. Раней Сьвятлана Ціханоўская заклікала Эўразьвяз прыняць больш рашучыя захады супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Рада правоў чалавека ААН 15 сакавіка 2024 году апублікавала даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля іх.

У дакладзе гаворыцца аб закрыцьці няўрадавых арганізацый, зьменах заканадаўства, палітвязьнях і ўмовах іх зьняволеньня, у тым ліку ў рэжыме інкамунікада, рэпрэсіях супраць СМІ, пазбаўленьні ліцэнзій адвакатаў, пашырэньні «экстрэмісцкіх» сьпісаў, ператрусах, адвольных арыштах, катаваньнях, сьмерцях падчас пратэстаў і ў няволі, вымушанай эміграцыі. Дзеяньні рэжыму Лукашэнкі могуць расцаніць як злачынствы супраць чалавечнасьці.

Пасьля пратэстаў 2020 году і надзвычайна жорсткай рэакцыі на яго з боку сілавікоў рэжыму за мяжой завялі некалькі справаў ва ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, але пра сапраўдныя вынікі расьсьледаваньня амаль нічога не вядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG