Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала генэральнага сакратара ААН умяшацца ў сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі

абноўлена

 Сьвятлана Ціханоўская (другая справа) каля пасольства Беларусі ў Вільні. 8 сакавіка 2024
Сьвятлана Ціханоўская (другая справа) каля пасольства Беларусі ў Вільні. 8 сакавіка 2024

Сьвет павінен быць больш рашучым, дамагаючыся вызваленьня беларускіх палітвязьняў, заявіла Ціханоўская; паводле яе, мала словаў салідарнасьці, павінны працаваць мэханізмы, якія ёсьць у дэмакратычным сьвеце.

Умяшацца ў сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі заклікала 8 сакавіка генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша Сьвятлана Ціханоўская.

«Але мы павінны разумець, што людзі ў турмах — яны нашы героі, яны таксама вядуць сваю барацьбу. І, як я ўжо казала, празь міжнародныя структуры і арганізацыі, якія маюць мандат для гэтай працы, мы можам паўплываць на рашэньні рэжыму. Канечне, гэта структуры ААН, гэта Чырвоны Крыж, каталіцкія арганізацыі. Але пакуль палітвязьні ня стануць праблемай для Лукашэнкі, ён і не пашавеліцца, каб іх вызваліць. Больш за тое, мы ня ведаем, чаго хоча рэжым».

Заклік прагучаў каля амбасады Беларусі ў Вільні на сустрэчы з журналістамі, прысьвечанай рэжыму «інкамунікада», у якім улады ў Менску трымаюць шмат палітвязьняў.

Сьвятлана Ціханоўская, сярод іншага, заявіла:

«За гэтыя чатыры гады мы спрабавалі шмат захадаў, каб вызваліць палітзьняволеных, хаця б тых, хто ў гуманітарным сьпісе. Мы зьвярталіся і да Чырвонага Крыжа, і да папы Рымскага, і да палітыкаў і дыпляматаў. Але мы дагэтуль ня ведаем, чаго хоча рэжым. Для рэжыму Лукашэнкі палітвязьні зараз не праблема. А мы павінны зрабіць, каб гэта было іх праблемай, тады яны самі будуць шукаць магчымасьцяў, каб абмяняць, вызваліць па розных трэках.

І вось каб зрабіць палітвязьняў праблемай для Лукашэнкі, трэба палітычная воля. Павінны быць больш рашучыя санкцыі, павінны быць зачынены форткі, празь якія рэжым працягвае гандляваць, сьвет павінен быць больш рашучым. Словы салідарнасьці не працуюць. Павінны працаваць мэханізмы, якіх шмат у дэмакратычным сьвеце, няма чамусьці палітычнай волі».

9 сакавіка спаўняецца год, як няма лістоў ад мужа Сьвятланы палітвязьня Сяргея Ціханоўскага. Больш за год няма лістоў і вестак ад Міколы Статкевіча, Ігара Лосіка, Марыі Калесьнікавай і іншых палітычных зьняволеных.

Сьвятлана Ціханоўская ля амбасады Беларусі ў Вільні
Сьвятлана Ціханоўская ля амбасады Беларусі ў Вільні
Сьвятлана Ціханоўская ля амбасады Беларусі ў Вільні
Сьвятлана Ціханоўская ля амбасады Беларусі ў Вільні

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG