«Гэта быў неверагодна недэмакратычны працэс», — цытуе Патэля «Голас Амэрыкі».
«Я думаю, можна з упэўненасьцю сказаць, што са Злучаных Штатаў Амэрыкі званкоў зь віншаваньнямі ня будзе», — сказаў Патэль.
Раней галоўны дыплямат ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што выбары ў Расеі «не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі». У заяве Бурэля гаворыцца, што галасаваньне праводзілася на аснове «рэпрэсій і запалохваньня», пры гэтым парушаючы сувэрэнітэт Украіны. Выбары незаконна праводзіліся на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях, што зьяўляецца парушэньнем міжнароднага заканадаўства.
Эўразьвяз заявіў, што расейскія выбары прайшлі ва ўмовах «зь вельмі абмежаванымі магчымасьцямі» выбарнікаў, «узмоцненымі незаконнай агрэсіўнай вайной, якую Расея разьвязала супраць Украіны».
У заяве таксама гаворыцца, што «так званыя выбары», праведзеныя на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны, зьяўляюцца «несапраўднымі».
МЗС Беларусі назвала выбары ў Расеі свабоднымі
Заяву ў сувязі з выбарамі прэзыдэнта ў Расеі апублікавала МЗС Беларусі.
У ёй гаворыцца, што «выбары былі праведзены ў поўнай адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам, прайшлі на канкурэнтнай аснове і пры забесьпячэньні свабоднага волевыяўленьня грамадзян». У МЗС Беларусі заклікалі «ўсе незалежныя дзяржавы паважаць сувэрэнную волю расейскага народу».
- ЦВК Расеі заявіла, што Ўладзімір Пуцін атрымаў перамогу на выбарах прэзыдэнта Расеі, набраўшы 87,28 працэнта галасоў.
- Незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць выбары як несвабодныя і неканкурэнтныя. Пуцін, які кіруе Расеяй з 2000 году, балятаваўся на пяты тэрмін. Усім кандыдатам ад непарлямэнцкіх партый і самавылучэнцам, якія зьбіралі подпісы, Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла.