Пуціну цяпер 71 год. Пад канец новага прэзыдэнцкага тэрміну будзе 77. Калі нічога ня здарыцца, гэта будзе не апошні (а можа так скласьціся, што і не перадапошні) ягоны тэрмін (бацькі Пуціна жылі амаль да 90 гадоў).
Шэсьць гадоў таму, падчас папярэдніх «выбараў» Пуціна, яшчэ не было поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, Аляксей Навальны быў жывы, а ў Менску перад опэрным тэатрам прайшоў дазволены ўладамі вялікі канцэрт у гонар стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
За наступныя шэсьць гадоў можа здарыцца што заўгодна: расейскі напад на краіны Балтыі, Фінляндыю ці Сувальскі калідор, новая вайна вакол Прыднястроўя, выкарыстаньне ядравай зброі, новыя забойствы палітвязьняў у турмах... Ці, напрыклад, фармальная анэксія Беларусі.
Усё гэта я пішу не дзеля таго, каб сапсаваць настрой. Нам усім — беларусам, расейцам і агулам усім, хто сочыць за Беларусьсю і Расеяй — важна як мага хутчэй дасягнуць пэўнага эмацыйнага дна, пазбавіцца ад ілюзій і чаканьняў простай перамогі над злом (калі нехта іх яшчэ мае).
Большасьць расейскай апазыцыі, якая амаль уся знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, гэтым разам заклікала сваіх прыхільнікаў прыйсьці на ўчасткі ў нядзелю ў адзін і той жа час, каб паказаць сваю (а не прыхільнікаў Пуціна) масавасьць.
Ужо ў другой палове таго дня стала відавочна, што гэтая ідэя мела шмат заган: адтуль, дзе чэргі не ператварыліся ў яўныя мітынгі пратэсту, афіцыйныя прапагандысцкія СМІ Крамля пачалі публікаваць фота і відэа, апісваючы масавасьць удзельнікаў як праяву энтузіязму і жаданьня прагаласаваць за Пуціна.
Пазбаўленьне ад ілюзій адносна пуцінскай Расеі і барацьбы супраць яе адбываецца заўсёды вельмі цяжка. Украінцы пазбавіліся сваіх ілюзій самае позьняе ў 2015 годзе, на Эўрамайдане, і ў першыя месяцы расейскага ўварваньня (тады, у 2014-м, яшчэ паўгібрыднага). Узгадайма ўкраінскіх вайскоўцаў у Крыме, якія ня верылі вачам і не жадалі страляць у расейскіх «зялёных чалавечкаў».
Беларусы пазбавіліся ілюзій, напэўна, годзе ў 2021-м, калі канчаткова прайграла беларуская рэвалюцыя 2020 году і не спрацавалі розныя ўльтыматумы, агучаныя Ціханоўскай, а таксама ілюзорныя надзеі на здачу Расеяй Лукашэнкі.
Да расейскай апазыцыі разуменьне прыходзіць даўжэй за ўсіх: нават цяпер, здаецца, толькі меншасьць «хороших русских» адкрыта, безумоўна і актыўна падтрымлівае Узброеныя сілы Ўкраіны, а ня толькі ўдзельнічае ў акцыях пратэсту, сэнс якіх усё больш у супакаеньні саміх сябе. Але меншасьць гэтая, здаецца, павольна расьце, і гэта дае надзею.
Канец пуцінізму будзе залежаць ад спалучэньня двух фактараў: фізычнага здароўя Пуціна і паразы Расеі ў вайне супраць Украіны й цывілізаванага сьвету. І сьвет, і міжнародная грамадзкасьць, і беларуская з расейскай экзыльныя апазыцыі павінны спрабаваць сваімі сьціплымі сіламі ўплываць прынамсі на адзін з гэтых фактараў і набліжаць ваенную перамогу Ўкраіны над расейскімі акупантамі.
Пэрспэктыва таго, што нясе новы прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна, не павінна нас палохаць. Бо запалохаць і адбіць жаданьне супраціўляцца — гэта якраз тое, чаго пуцінскі рэжым хацеў бы дамагчыся ў самую першую чаргу.
Як бы гэта ні было цяжка, мы (Эўропа, Захад, свабодны сьвет) павінны паспрабаваць па-самурайску зьмірыцца з магчымасьцю найгоршага, ня даць сябе ім шантажаваць і дзейнічаць, нягледзячы на гэта. Лепш памерці стоячы, чым жыць у рабстве. Прынамсі, так прынята лічыць свабоднымі годнымі людзьмі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.