Цягам 46 гадзін звыш 870 самалётаў мелі праблемы з GPS-сыгналам і адпаведнай апаратурай. Пра гэта паведаміў швэдзкі OSINT-аналітык пад псэўданімам Маркус Джонсан.
OSINT-аналітыка — гэта інфармацыя, якая падсумоўваецца ў выніку вывучэньня адкрытых крыніц.
Журналіст Der Spiegel Мацьё фон Рор адзначае, што масавае зьнікненьне сыгналу ў раёне Балтыйскага мора можа быць вынікам расейскай «гібрыднай вайны». Ён называе і дакладную лічбу самалётаў, якія мелі заблякаваную навігацыю — 873. Большасьць зь іх — пасажырскія.
У выпадку 43 самалётаў GPS-навігацыі на іх не было звыш 2 гадзін.
14 сакавіка брытанскія СМІ апублікавалі інфармацыю аб тым, што Расея сарвала GPS-сыгнал на самалёце, на якім у Польшчу і з Польшчы ляцеў міністар абароны Вялікай Брытаніі Грант Шапс.
На вайсковым самалёце Dassault 900LX Falcon Шапс адправіўся на палігон Оржыш, дзе разам са сваім польскім калегам Уладзіславам Касіняк-Камышам назіраў за вучэньнямі Dragon-24. На борце самалёта таксама была група брытанскіх журналістаў.
Як паведамляюць брытанскія СМІ, падчас палёту самалёта ў раёне расейскай Калінінградзкай вобласьці сыгнал GPS быў парушаны прыкладна на 30 хвілін. У выніку мабільныя тэлефоны не змаглі падключыцца да інтэрнэту, і пілёты былі вымушаныя выкарыстоўваць альтэрнатыўныя мэтады, каб вызначыць месцазнаходжаньне самалёта. Тое самае адбылося вечарам на зваротным шляху.
На пачатку году польская аэранавігацыйная служба паведаміла пілётам пра анамаліі ў падлучэньні да праграм GPS. Тады паведамлялася аб перабоях у навігацыі каля Ўкраіны і на паўночна-заходняй мяжы Расеі.
Амаль адразу на пракрамлёўскіх рэсурсах тады зьяўляліся паведамленьні пра глушэньне сувязі. Аднак там гаварылася, што NATO нібыта наўмысна парушае сыгнал GPS, каб схаваць дысьлякацыю сваіх войскаў. Расейская прапаганда сьцьвярджае, што гэта сьведчыць аб тым, быццам Альянс рыхтуецца «да атакі». У краінах NATO ўпэўненыя ў тым, што Расея выпрабоўвае спосабы эфэктыўнага глушэньня сыгналаў самалётаў, і гэта мэтад «гібрыднай вайны».