Пра прысуд Свабода даведалася са сваіх крыніц. Таксама гэтую інфармацыю пацьвердзілі знаёмыя Натальлі з Чарнігава. У раскладзе паседжаньняў Гомельскага абласнога суду на два сакавіцкія тыдні, ад 11 сакавіка і на наступны тыдзень, слуханьняў па справе Натальлі Захарчанкі няма.
Вядома, што, на дадатак да тэрміну ў калёніі, суд пастанавіў канфіскаваць у Натальлі мікрааўтобус.
Разам з украінкай судзілі яе сяброўку, беларуску з Мазыра Ларысу Крупу. За «неданясеньне пра злачынства» яна атрымала штраф у памеры 100 базавых велічынь (4 тысячы беларускіх рублёў).
Працэс над украінкай, жыхаркай Чарнігава Натальляй Захарчанкай і яе сяброўкай-беларускай пачаўся 15 лютага ў Гомельскім абласным судзе. Акалічнасьці абвінавачаньня не вядомыя, як і дэталі працэсу — суд быў закрыты.
Натальля Захарчанка пасьля пачатку «вялікай вайны» рэгулярна езьдзіла з Чарнігава ў Мазыр праз Польшчу. Яна перавозіла рэчы, людзей, хатніх гадаванцаў. Беларусы і ўкраінцы ахвотна карысталіся яе паслугамі, бо пасьля 24.02.2022 мяжа зь Беларусьсю была закрытая.
На пачатку ліпеня 2023 году Натальля чарговым разам паехала ў Беларусь і зьнікла. Пазьней аказалася, што яе затрымалі і яна ў СІЗА.
Паводле інфармацыі Свабоды, Натальля Захарчанка да 2020 году займалася кантрабандай тавараў з Украіны ў Беларусь і ў зваротным кірунку. У 2017 годзе яна давала паказаньні як сьведка на судзе ў гучнай справе гомельскіх мытнікаў. Тады яна сьведчыла, што мытнікі бралі хабар, хоць сама неаднаразова прыцягвалася да адказнасьці за парушэньне мытнага заканадаўства.